Агляд прэсы: Уцечная трасяніна
Беларусь хоча вырабляць штурмавік МіГ-25. У Інтэрнэт „злілі” сакрэтныя дадзеныя аб планах Украіны ў вайне. Узмацненне напружанасці вакол Тайваня. Карл III уступіў у канфлікт з Царквой Англіі наконт каранацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Падчас сустрэчы расейскага і беларускага дыктатараў Пуціна і Лукашэнкі ў лютым 2023 года апошні заявіў пра жаданне наладзіць у Беларусі вытворчасць «штурмавіка МіГ-25, які добра паказаў сябе ва Украіне». «Мяркуючы па ўсім, Расея перадала Беларусі неабходную дакументацыю, – паведамляе міжнароднае ваенна-аналітычнае выданне Defense Express.
«Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітры Круты паведаміў, што Беларусь атрымала ад Расейскай Фэдэрацыі тэхнічную дакументацыю на вытворчасць штурмавіка Су-25, неабходную для вытворчасці камплектуючых гэтага самалёта, а таксама для канчатковай зборкі. Цяпер Су-25 знаходзіцца «ў стадыі апрацоўкі», а задача, пастаўленая прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, вельмі жорсткая: „Ад зборкі авіярухавікоў да канчатковай зборкі самалётаў. Гэта, вядома, звышзадача, максімум”. Што тычыцца ацэнкі вытворчасці штурмавікоў Су-25, Defense Express ужо апісваў пытанне аб разгортванні вытворчасці. Карацей кажучы, беларусам наўрад ці ўдасца ў кароткатэрміновай перспектыве (бліжэйшыя гады) выпусціць сабраныя «з нуля» серыйныя Су-25. Акрамя таго, былі агучаны планы адносна самалёта Ту-204, для якога беларусы плануюць вырабіць 700 запчастак у якасці замены імпартным», – піша міжнароднае выданне.
Зараз і Украіна, і Расея, і астатні свет жывуць у чаканні ўкраінскага контрнаступлення. Па ўсёй верагоднасці, яно пачнецца ў перыяд паміж канцом красавіка і сярэдзінай траўня. Дакладны час будзе залежаць ад надвор’я і графіка паступлення заходніх узбраенняў, баявой тэхнікі і боепрыпасаў.
«Найбольш верагодным месцам нанясення галоўнага ўдару ўяўляецца паўднёвы напрамак, з мэтай перарэзаць заняты расейскай арміяй сухапутны калідор у Крыме. Аднак цалкам верагодна, што адначасова ці крыху пазней украінскія войскі нанясуць моцны ўдар дзесьці на Данбасе і менавіта ў тым месцы, дзе расейскі бок яго менш за ўсё чакае», – піша расейскае выданне Graniru.
„І вось расейскі бок укідвае дэзінфармацыю ў выглядзе сакрэтных дакументаў Пентагона і ЦРУ, распаўсюджаных у сацсетках. Гэта было зроблена яшчэ ў пачатку сакавіка (а некаторыя дакументы з’явіліся на адным малавядомым геймерскім рэсурсе, магчыма, яшчэ ў канцы студзеня), але шырока вядома аб гэтым стала толькі ў пачатку красавіка, калі на дакументы звярнулі ўвагу газета The New York Times і іншыя самавітыя выданні. Укінутыя дакументы пабудаваны па класічных законах дэзінфармацыі, гэта значыць выдуманая інфармацыя суседнічае там з абсалютна дакладнай. Такія прыёмы шырока практыкавалі савецкія спецслужбы. Цяпер з упэўненасцю сказаць, што менавіта ў гэтых дакументах адпавядае рэчаіснасці, могуць толькі чыноўнікі Пентагона. А вось што ў злітых дакументах дакладна не адпавядае рэчаіснасці, дык гэта дадзеныя аб суадносінах украінскіх і расейскіх страт забітымі – быццам бы сумарныя страты ВСУ на пачатак сакавіка гэтага года ў 4,1 разы пераўзыходзяць страты расейскай арміі. Гэта супярэчыць дадзеным Пентагона», – падкрэслівае расейскае выданне.
Кітай зымітаваў атаку на Тайвань у адказ на сустрэчу кіраўніка паўвыспы і спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША. Як паведаміў афіцыйны Тайбэй, фактычную мяжу дзяржавы перасеклі больш за 30 вайсковых самалётаў КНР. З 8 па 10 красавіка Пекін праводзіць ваенна-марскія вучэнні ў раёне Тайваня. Гэтыя манеўры пачаліся пасля сустрэчы лідара паўвострава Цай Інвэнь і спікера ніжняй палаты Кангрэса Кевіна Макарці на мінулым тыдні ў Каліфорніі. У той жа дзень Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў Пекін не лічыць гэта асаблівай падзеяй, назваўшы яе прыватнай і неафіцыйнай. Замежныя СМІ разважаюць аб наступствах узмацнення напружанасці ў рэгіёне. «Рэакцыя Пекіна на сустрэчу прэзідэнта Тайваня Цай Інвэнь са спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Кевінам Макарці – гэта спроба выказаць гнеў без шкоды для міратворчых амбіцый», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.
«Кітай, хоць і асцярожна, але робіць крокі адразу ў двух кірунках. З аднаго боку, усплёск дыпламатычнасці, з другога – заяўка на статус глабальнай процівагі да Вашынгтона. Больш агрэсіўная дэманстрацыя сілы магла б запляміць статус Пекіна як добразычлівай і адказнай сусветнай дзяржавы. У меншай ступені – супярэчыла б сцвярджэнням КНР пра тое, што краіна не гатова саступаць запалохваючым дзеянням ЗША, якія нібыта раўнасільныя ваеннаму ўмяшальніцтву», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
«Брытанскі кароль Карл III уступіў у канфлікт з Царквой Англіі наконт каранацыі — пытанне ўзнікла вакол канкрэтных момантаў цырымоніі», паведамляе брытанская газета The Daily Mail.
«Незадаволенасць Англіканскай царквы (кіраўніком якой намінальна з’яўляецца сам Карл III) выклікала прапанова манарха дазволіць індуістам, мусульманам і юдэям удзельнічаць у богаслужэнні ў Вестмінстэрскім абацтве, дзе будзе праходзіць традыцыйная цырымонія. Па задумцы Карла, іншаверцы ў галоўным саборы англіканскай царквы таксама змогуць правесці свае богаслужэнні.
Такім чынам Карл III спрабуе пацвердзіць сказаныя 30 гадоў таму словы пра тое, што стаўшы каралём ён будзе абаронцам не толькі Царквы Англіі, але і ўсіх астатніх рэлігій каралеўства. Прадугледжваецца, што ў якасці кампрамісу, з прадстаўнікамі іншых рэлігій Карл III зможа правесці асобную цырымонію», – адзначае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка