Берасцейскае „Дынама” паўтарыла клубны антырэкорд
Берасцейскае „Дынама” саступіла „Славіі” з Мазыра 0:1 у матчы 3-га тура чэмпіянату краіны. З улікам сезону-2022 у дзесяці запар матчах чэмпіянату дынамаўцы не ведаюць перамог (5 нічыіх, 5 паразаў). А ў апошніх шасці гульнях „Дынама” і зусім не забівае галоў — паўтарэнне клубнага антырэкорду, датаванага 2003 годам. Берасцейцы прайгралі ў кожным з трох матчаў сёлетняга сезона. Раней толькі двойчы яны стартавалі больш няўдала – у 2000 і 2001 гадах „Дынама” саступала ў чатырох турах з пачатку чэмпіянату.
По Амар Жобэ пакінуў „Нёман”
Гамбійскі форвард По Амар Жобэ пакінуў гарадзенскі „Нёман”. Гамбійскі нападнік стаў гульцом клуба ў жніўні 2022 года, падпісаўшы кантракт з „Нёманам” адразу на два гады. За гэты час легіянер прыняў удзел усяго ў двух афіцыйных матчах асновы, правёўшы на полі 61 хвіліну гульнявога часу. За дублюючы склад „жоўта-зялёных” По Амар згуляў 14 матчаў, у якіх забіў 7 мячоў (у тым ліку покер у браму дубля „Віцебска”).
„Ягелонія” выйграла дзякуючы голу Раманчука
Беластоцкая «Ягелонія» на хатняй арэне перамагла гданьскую «Лехію» 1:0 у матчы 27-га тура польскай футбольнай экстракласы. На 84-й хвілін адзіны мяч забіў капітан беластачанаў Тарас Раманчук. Хесус Імас не рэалізаваў у гэтай сустрэчы пенальці.
„Ракаў” Чэнстахова не вытрымаў ціску і згуляў толькі ўнічыю з „Радомякам» 0:0. У выніку варшаўская «Легія”, якая гуляла пазней, ведала, што калі яна абыграе апошнюю ў табліцы «Медзь Легніца», то скароціць адлегласць ад лідара ўсяго да 4 ачкоў. Аднак віцэ-лідару гэта не ўдалося – у выніку нічыя 2:2 і статус-кво захаваўся.
„Барселона” згуляла ўнічыю з „Жыронай”
У матчы 28-га тура чэмпіянату Іспаніі «Барселона» сустракалася з «Жыронай». Гульня завяршылася безгалявой нічыёй – 0:0. На 37-й хвіліне абаронца «Барселоны» Рональд Арауха прабіў пад перакладзіну, але Паула Гасаніга адбіў удар. Пасля прагляду відэапаўтору арбітры палічылі, што мяч не перасек лінію брамы.
На 57-й хвіліне нападнік «Жыроны» Валянцін Кастэльянас выйшаў сам-насам з Маркам-Андрэ тэр Штэгенам, але прабіў міма. „Барселона” лідзіруе ў чэмпіянаце Іспаніі, апярэджваючы мадрыдскі „Рэал” на 13 ачкоў. „Жырона” знаходзіцца на 11-м месцы.
Вудкрафт сыходзіць не толькі з мінскага „Дынама”, але і з хакейнай зборнай
Крэйг Вудкрафт пакідае трэнерскую пасаду ў хакейнай зборнай Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў ягоным звароце, апублікаваным на сайце хакейнага клуба „Дынама-Мінск”. „Пакідаю свае пасады ў клубе і зборнай з чыстай душой і спакойным сэрцам — рабіў усё, што ў маіх сілах. Трэнеры, якія прыйдуць пасля мяне, атрымаюць добрую спадчыну. Думаю, мне гэта ўдалося”, — заявіў Вудкрафт. Зранку 10 красавіка стала вядома пра адстаўку Вудкрафта з пасады галоўнага трэнера мінскага „Дынама”. Нацыянальную зборную па хакеі 53-гадовы канадзец узначаліў улетку 2021 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла толькі адзін афіцыйны турнір — алімпійскую кваліфікацыю. Тады беларусы саступілі палякам і славакам і не змаглі трапіць на Алімпіяду-2022.
Пасля ўвядзення санкцый у сувязі з вайной ва Украіне зборная Беларусі была адхіленая ад чэмпіянатаў свету ў 2022 і 2023 гадах.
Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў рэйтынгу WTA
Беларуска Арына Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка займае 16-ю пазіцыю, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 45-м месцы, яшчэ адна беларуска Ірына Шымановіч упершыню ўзнялася на 200-ю пазіцыю. Узначальвае рэйтынг польская тэнісістка Іга Швёнтэк. Лідарам рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) з’яўляецца серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка зараз знаходзіцца на 74-м месцы.
Беларускае Радыё Рацыя