Павел Латушка: Калі б не было 2020 года, нам было б цяжка казаць пра перспектывы Беларусі
«Госць Рацыі» – намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
РР: Вы зараз знаходзіцеся ў Беластоку. Раскажыце пра мэты вашага візіту. Між іншым, анансаваная сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Павел Латушка: Бліжэйшымі днямі хацеў бы правесці сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якая пражывае ў Польшчы. На жаль, шмат беларусаў выехала па-за межы Беларусі. Была сустрэча ў Кракаве, зараз – у Беластоку. Запрашаюць у Вроцлаў. І гэтыя сустрэчы з’яўляюцца абавязковымі падчас паездак, каб пачуць, што турбуе беларусаў, каб атрымаць ад іх парады, нават рэкамендацыі і можа патрабаванні. І таксама распавесці пра тое, што мы робім.
РР: Сёння гадавіна тэракту ў менскім метро. Падзея, якая падзяліла Беларусь на «да» і «пасля».
Павел Латушка: Дыктатар Лукашэнка і дыктатарскія рэжымы заўсёды хочуць паказаць сваю «выніковасць». Паказаць, што калі здзейснена злачынства, то заўсёды будзе прыцягнуты да адказнасці вінаваты. І ні важна, ці ёсць доказы, ці няма доказаў, гэта першае. Па-другое, да гэтай пары незразумелай з’яўляецца сітуацыя – ці тэракт быў арганізаваны людзьмі, якіх расстралялі, ці быў падрыхтаваны спецслужбамі Лукашэнкі. Я думаю, даведацца адказы на гэта мы зможам, і я перакананы ў гэтым, але толькі ў новай і вольнай Беларусі. Бо перакананы, што хтосьці са следчых і сілавікоў, каб апраўдаць сябе перад дэмакратычнай уладай Беларусі, перадасць гэтыя матэрыялы.
РР: Як вы ахарактарызуеце падыход уладаў да таго, што адбылося пасля тэракту?
Павел Латушка: Я тады быў у Польшчы ў камандзіроўцы, калі працаваў міністрам. І напісаў такую нататку, што «Беларусь ужо ніколі не будзе той, якой была». У той момант было адчуванне, што адбылося штосьці справакаванае, падрыхтаванае менавіта спецслужбамі. Нягледзячы на тое, што я быў міністрам культуры, я бачыў, які ціск быў і ў адносінах да беларускай мовы, культуры, і ў адносінах да мяне таксама. Але трэба было трошкі пачакаць. І вось 2020 год паказвае зноў, што Беларусь ужо ніколі не будзе той, якой была. Беларускі народ акумуляваўся ў сваім жаданні адраджэння. І большасць беларусаў разумеюць вартасць, неабходнасць існавання незалежнай, дэмакратычнай праеўрапейскай дзяржавы, у якой чалавек жыве як асоба, дзе галоўным з’яўляецца менавіта чалавек. І ён з’яўлянцца гарантам незалежнасці. Бо толькі беларускі народ можа быць гарантам. Калі б не было 2020 года, я баюся, што сёння ўвогуле нам было б цяжка казаць пра перспектывы Беларусі, беларускай дзяржавы, якая сёння стаіць перад вялікім выклікам і вялікай пагрозай. Тады б мы былі ўжо часткай Расеі напэўна. І гэта было б лягчэй рускім зрабіць. Тое, што яны маюць у планах да Украіны, яны распрацавалі адпаведны сцэнар для Беларусі. І гэта было б праглынанне без супраціўлення.
Але мы бачым, што беларусы не хочуць праглынання. І беларусы кожны дзень вядуць барацьбу. Хто б сёння не казаў, што беларусы спыніліся. Прабачце, чаму Лукашэнка ўчора затрымаў 30 асобаў на беларускай чыгунцы? Чаму ўчора абвешчаны прысуд адвакату Даніловічу 10 гадоў зняволення? Чаму сёння ў Дзяржынску і іншых гарадах затрыманні? Кожны дзень затрыманні і прысуды, бо беларусы змагаюцца. Беларусы не змянілі свайго стаўлення. І Лукашэнка гэта ведае. Таму ён вядзе такую жорсткую барацьбу. І павага тым людзям – беларусам, якія змагаюцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя

