Батумі: кіно агучваем па-беларуску



У грузінскім Батумі штотыдзень у прасторы Linx адбываецца агучка кіно па-беларуску.

Пра ініцыятыву і яе асаблівасці распавядае яе стваральнік – беларускі актывіст Міхаіл Каралевіч:

-Беларусы імкнуцца пашыраць сваю беларускасць, каб у іх асяроддзі было больш беларускай мовы. І шмат беларусаў дапамагаюць у гэтым і ствараюць беларускамоўны кантэнт. Перакладаюць з іншых моваў. Гэта дае вынікі ў тым, што ўсё больш і больш матэрыялу з’яўляецца на беларускай мове.

Паводле Паўла, аднаго з удзельнікаў беларускай агучкі, гэтая ініцыятыва яму вельмі падабаецца:

-Проста помню, як у свой час у нас было тры з паловай фільмы перакладзеныя ў маім юнацтве. А зараз значна лепш. Ёсць безліч цудоўных фільмаў, якія недаступныя зараз па-беларуску, а попыт падвышаецца. І, адпаведна, ёсць ініцыятывы, якія задавальняюць гэты попыт. І вось мяне запрасілі, і я  з вялікай ціквасцю і імпэтам узяўся за гэтую справу.

Апроч агучкі на беларускую мову мультфільмаў і кіно,  у прасторы LINX адбываюцца прагляды фільмаў на беларускай мове. Гэтым разам аматары кіно па-беларуску глядзелі фільм «Вікі, Крысціна, Барселона», стужку, якая стварае невымоўную атмасферу Іспаніі і надзвычай займальную гісторыю заблытаных узаемаадносін.

Беларускае Радыё Рацыя