На могілках байцоў Арміі Краёвай у Варзянах знішчылі мемарыяльную шыльду
У Гарадзенскай вобласці адбыўся чарговы акт антыпольскага вандалізму.

Невядомыя знішчылі мемарыяльную шыльду на могілках салдат Арміі Краёвай у вёсцы Варзяны Астравецкага раёна, піша выданне Саюза палякаў Беларусі „Głos znad Niemna”. На могілках знаходзіцца вялізны камень, на якім былі прымацаваныя дзве гранітныя таблічкі. На адной быў надпіс па-польску: „Байцам 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі 31 студзеня 1944 года ў пераможным баі з часткамі нямецкага вермахта ля вёскі Варзяны. Хвала іх памяці”. На другой быў надпіс па-беларуску: „Магілы польскіх партызанаў, якія загінулі у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.

У Варзянах пахаваныя не менш за 18 байцоў Арміі Краёвай. Іх магілы знаходзяцца пад падпісанымі каменнымі крыжамі. Партызаны Арміі Краёвай загінулі ў баі, калі нямецкія часткі спрабавалі акружыць Варзяны. Партызаны прымусілі фашыстаў адступіць, а потым цалкам разбілі. Немцы страцілі ў баі 63 чалавекі, партызаны — 19 байцоў. Магілы ўпарадкавалі на пачатку 90-х ветэранскія арганізацыі Віленшчыны. Даглядаюць іх мясцовыя жыхары-палякі і моладзь з Астраўца, якая вывучае польскую мову.
За апошнія паўгода гэта ўжо восьмы акт вандалізму на пахаваннях і мемарыялах байцоў Арміі Краёвай на Гарадзеншчыне. Пры гэтым улады Беларусі вядуць антыпольскую прапаганду.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: glosznadniemna.pl