Анжаліка Борыс: Не хачу ўцякаць са сваёй зямлі
«Калегі заклікалі мяне застацца ў Польшчы, але я вырашыла, што мушу вярнуцца ў Беларусь», — распавяла выданню Rzeczpospolita Анжаліка Борыс, старшыня пераследаванага рэжымам Саюзу палякаў Беларусі.

Foto: Fotorzepa/Robert Gardziński
Больш чым праз два гады з вас нарэшце знялі ілжывыя абвінавачванні. Тым часам вы правялі год у СІЗА. Як пані сябе адчувае?
–Чалавек пасля такіх перажыванняў адчувальны да чужых пакут. Я значна больш хвалююся за іншых людзей. Каштоўнасці мяняюцца. Тое, што калісьці было важным, становіцца няважным. Я не адчуваю ні эйфарыі, ні радасці. Перш за ўсё я хвалююся за сваіх калегаў, за тое, каб Анджэй Пачобут выйшаў на волю. Хвалююся за сябровак Ірэну Бернацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Каб яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Бо яны тут нарадзіліся і, упэўнены, вельмі перажываюць. Я таксама хвалююся за тое, каб іншыя людзі мелі нармальнае жыццё.
Вы кажаце, што чалавечыя каштоўнасці мяняюцца. Што для вас цяпер важна, а што страціла значэнне?
–Для мяне важна здароўе маёй сям’і і сяброў. Я рада бачыць сонца і неба. Мне прыемна пачуць прыгожыя спевы птушак, на якія раней не звяртала увагі. Я рада, што людзі, зь якімі я была ў зняволенні, цяпер у іншым месцы. Матэрыяльныя рэчы, безумоўна, адыходзяць на другі план. Важней чалавечае сяброўства і салідарнасць. Лепш пачуць добрае слова або перажыць добры жэст, чым атрымаць падарунак.
Наколькі важная салідарнасць для людзей, ізаляваных ад астатняга свету? Ці даходзіць падтрымка звонку?
–У тых месцах таксама ёсць людзі. І з імі трэба знаходзіць агульную мову, як і ў паўсядзённым жыцці чалавека. Я старалася дапамагаць тым, каму магла. Ёсць прынцып, што навакольнае асяроддзе будзе ставіцца да цябе гэтак жа, як і ты да гэтага асяродку. Трэба быць чалавекам. Чалавечыя кантакты, сяброўства і салідарнасць. Гэтыя каштоўнасці вечныя і важныя. Даходзілі лісты ад сяброў, але не ўсе. Важна мець кантакт з іншымі людзьмі.
Але не ўсё залежыць ад сукамернікаў. Турмой кіруе адміністрацыя. Як яна ставілася да вас?
–Не хачу гэта каментаваць.
Вы сталі героем для многіх палякаў. Што б вы хацелі сказаць людзям, якія больш за два гады падтрымліваюць вас і вашых суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі?
–Перадусім я хацела б усім шчыра падзякаваць. Я не думаю, што я зрабіла нешта незвычайнае. Я не адчуваю сябе героем і не хачу, каб да мяне ставіліся як да героя. Я была б больш шчаслівай, калі б Анджэй Пачобут апынуўся ў такой жа сітуацыі, як я сёння. Каб ён быў на волі. Я вельмі перажываю за яго і іншых калегаў. Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я старалася, але часам арганізм чалавека дае збой і не ўсё залежыць ад нас.
Пані ёсць вельмі сціплым чалавекам
–Вакол занадта шмат пакут, на фоне якіх мае сённяшнія перажыванні нішто. Не хачу перабольшваць сваю ролю, час усё расставіць на свае месцы. Дзякуй за дапамогу, дзякуй родным і блізкім. І з Беларусі, і з Польшчы. Для мяне гэта было важна. Мы павінны трымацца разам, знаходзіць адзін аднаго тут і цяпер.
Ці можаце вы расказаць, што адбылося вясной 2021 года, калі актывістак польскай меншасці (Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву) вывезлі ў Польшчу проста з турмы? Ці праўда, што тады вам і Анджэю Пачобуту таксама паступіла прапанова пакінуць краіну?
–Так, у свой час такая прапанова была, але я адмовілася. Па-першае, я тады не ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела, каб я з’ехала з краіны, а яны засталіся. Я не хацела кідаць сваіх сяброў. Другі раз, калі ў мяне была магчымасць выйсці на волю, я пагадзілася, бо не ведала, ці вытрымае ўсё гэта маё здароўе.
Ці праўда, што ваша маці прасіла Аляксандра Лукашэнку вызваліць вас?
–Так, мама звярнулася з лістом. Я тады таксама вагалася. Гэта быў адзіны раз, калі я мела магчымасць пабачыць Анджэя ў зняволенні. Я сказала яму, што маё здароўе можа не вытрымаць.
І што на гэта адказаў Анджэй?
–Ён выязджаць катэгарычна адмовіўся. Ён сказаў мне трымацца. Я літаральна на момант убачыла яго. Гэта было два гады таму.
Шмат што змянілася з 2020 года. Дзейнасць Саюзу палякаў была поўнасцю заблакаваная, польскія школы зачынены, многія мемарыялы знішчаны. Ці мае польскасць там яшчэ шанец выжыць?
-Гэта не залежыць ад мяне і не залежыць ад польскай меншасці. Хацелася б, каб як мага больш дзяцей вывучалі польскую мову, паколькі я па прафесіі настаўніца польскай мовы. Я пачала клапаціцца пра польскую мову і культуру ў Беларусі яшчэ ў 1992 годзе. Прайшоў некаторы час. Шмат чаго здарылася. Пандэмія, а цяпер і вайна ва Украіне. Столькі пакут. Нам застаецца верыць у лепшае. У нас такія, а не іншыя абставіны.
Тое, што вы перажылі за апошнія больш чым два гады, хіба падобна на фільм ці кнігу?
–Сёння мае думкі ў іншым месцы, у галаве няма месца ні фільмам, ні кнігам.
Што мы, журналісты ў Польшчы, можам сёньня зрабіць для палякаў, якія жывуць у Беларусі, і асабліва для засуджанага на 8 гадоў зняволення Анджэя Пачобута і іншых вязняў рэжыму?
–Дастаткова добрага слова, добрага жэсту і разумення. Для нас гэта вельмі важна. І яшчэ раз усім дзякуй. Я вельмі перажываю за Анджэя і хачу, каб ён меў такі ж статус, як і я. Калі ласка, не забвайце пра яго.
Размаўляем у Вялікую Пятніцу. Якая атмасфера сёння ў Гародні?
–У Гародні заўсёды ёсць свой асаблівы шарм і настрой. Набліжаецца Вялікдзень і храмы поўныя вернікаў. Адчуваецца велікодная атмасфера.
Думае пані пра выезд у Польшчу?
-Я зараз не думаю пра гэта. Я настаўніца польскай мовы і для мяне важна мець магчымасць выкладаць польскую мову ў Беларусі. Сітуацыя можа таксама скласціся і інакш, толькі час пакажа.
А ці праўда, што пасля вызвалення ў сакавіку мінулага году вы паспелі наведаць Польшчу?
-Я была ў Польшчы ў ліпені мінулага года. Знаходжанне было кароткім, я была ў Беластоку. Я сустракалася са сваімі сябрамі. Калегі прасілі мяне застацца ў Польшчы, але ў мяне быў прызначаны яшчэ адзін допыт. Я адчувала сябе дыскамфортна з-за гэтага і вырашыла, што трэба вярнуцца. І што будзе, тое будзе. Беларусь — наша краіна, Польшча — другая радзіма. Я не хачу ўцякаць са сваёй зямлі.
Хацелі б нешта дадаць?
–Я хацела б падзякаваць усім і павіншаваць вас са Святам. Жадаю здароўя і Божай апекі. Будзьце ў добрым настроі. Наўкола шмат цяжкасцей, чалавеку сёння патрэбна шмат сіл. Каб мы ўсё гэта перажылі.
Руслан Шошын, Rzeczpospolita