Летам павінны аднавіць капліцу святога Казіміра ў Ружанах



Пра гэта паведаміў свежы нумар электроннай газеты “Наша слова. Pdf”.

Спецыялісты філіяла „Брэстрэстаўрацыя” ААТ „Белрэстаўрацыя” працуюць на аб’екце з сакавіка мінулага года. Архітэктары адзначаюць добрую захаванасць асобных частак пабудовы. Напрыклад, алтар фактычна аказаўся непашкоджаным, засталіся элементы дэкору і карнізы. На франтоне будынка цалкам аднавілі крыж. Сцвярджаецца, што рэстаўратары пастараліся захаваць як мага больш аўтэнтычных элементаў, і арыгінальныя бэлькі ўдалося часткова захаваць. Цяпер пачынаюць унутраную і знешнюю аздобу сцен.

Навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта філіяла „Брэстрэстаўрацыя” Святлана Корсунава гаворыць, што капліца стала адным з найцікавейшых аб’ектаў апошніх гадоў. Больш падрабязна пра аднаўленне капліцы святога Казіміра Ў Ружанах чытачы даведаюцца з “Нашага слова”.

У штотыднёвіку чытачы прачытаюць таксама пра тое, як упрыгожыць велікодныя яйкі. Упрыгожваць яйкі лічыцца ў вернікаў адным з важных элементаў падрыхтоўкі да Вялікадня. У Беларусі гэтай традыцыі прытрымліваюцца ўсе хрысціянскія канфесіі. Напярэдадні святаў у Лідскім цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў майстар-клас па вырабе знакамітых сапоцкінскіх васкаванак, якія прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай краіны. Растоплены пчаліны воск, самаробныя стрыжанькі, слоік з фарбай і, канешне, крута звараныя яйкі – усё гэта спатрэбілася лідскім школьнікам для таго, как сваімі рукамі стварыць неверагодныя святочныя сувеніры.

Прыцягвае ўвагу матэрыял Валяр’яна Харкевіча “Урачыстасці падчас кананізацыі Святога Казіміра ў Вільні” ў перакладзе Леаніда Лаўрэша.

Піша “Наша слова” пра Домік-музей Валянціна Таўлая ў Лідзе, пра вербны кірмаш „Свята набліжаецца – вярба прыбіраецца”, які адбыўся ў Ганчарскім Доме культуры Лідскага раёна і шмат іншых цікавых матэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя