Андрэй Лаўрухін: Будуць уцёкі, якія і раней былі
Аналітыкі прадказваюць узмацненне адтоку маладых людзей з Беларусі, перш за ўсё ў Літву і ў Польшчу, пасля прапановы вярнуць практыку прызыву студэнтаў у шэрагі Узброеных сіл, як гэта было ў часы СССР падчас вайны ў Афганістане.

Тэндэнцыю пацвердзіў сябра Каардынацыйнай Рады, дырэктар па даследаваннях Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін:
– Зразумела, што гэта будзе такім фактарам, які будзе выштурхоўваць моладзь мужчынскага полу з краіны. Будуць уцёкі, якія і раней былі. У 2021 годзе недалічыліся амаль 5 тысяч студэнтаў. Пакуль сілавікі кіруюць адукацыяй і выкарыстоўваюць моладзь, як такі чалавечы матэрыял, ніхто ж не можа прадказаць, што заўтра беларускія войскі не будуць уведзеныя ва Украіну. А гэта значыць, што ўсе гэтыя мабілізаваныя ў армію людзі могуць апынуцца на перадавой.
Паводле Андрэя Лаўрухіна, альтэрнатыўным месцам навучання для беларускіх студэнтаў можа стаць Еўрапейскі Гуманітарны ўніверсітэт у Літве. Інстытуцыя гатовая прыняць немалую частку беларускіх маладых людзей, дапамагчы ім прадоўжыць вучобу.
Беларускае Радыё Рацыя