Хакеісты „Нёмана” абыгралі „Металург”
У Гародні стартавала фінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Да серыі за чэмпіёнства ў экстралізе дайшлі гарадзенскі „Нёман” і жлобінскі „Металург”. Асноўныя падзеі сустрэчы разгарнуліся ў другой трэці: першую шайбу фіналу закінуў форвард гаспадароў Павел Баярчук, а ўсяго праз тры хвіліны Мікіта Крыскін падвоіў перавагу свайго клуба. Адказаць хаця б раз за астатнія паўтара перыяды гульцы „Металурга” не змаглі – у выніку 2:0, „Нёман” забірае першы матч у серыі да чатырох перамог. Наступная гульня адбудзецца ў пятніцу таксама ў Гародні, далей каманды пераедуць у Жлобін, дзе правядуць яшчэ дзве сустрэчы 16 і 18 красавіка.
„Рэал” выйграў у „Чэлсі” ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты мадрыдскага „Рэала” выйгралі ў лонданскага „Чэлсі” ў хатнім матчы чвэрцьфінала Лігі чэмпіёнаў. У іспанскай сталіцы дзейныя уладальнікі трафея мелі вялікую перавагу і забілі па мячу ў кожным тайме. На 22-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Карым Бензема, а пасля перапынку Марка Асэнсіа ўсталяваў канчатковы лік – 2:0.
У іншым матчы італьянскага чвэрцьфінальнага дэрбі лідэры серыі А футбалісты „Напалі” саступілі на выездзе „Мілану” 0:1. Пераможны гол на 40-й хвіліне забіў Ісмаэль Бенасэр. Паўторныя сустрэчы ў гэтых парах адбудуцца 18 красавіка.
„Менчанка” прайграла „Енісею” ў матчы расійскай Суперлігі
Валейбалісткі „Менчанкі” правялі першы матч міні-серыі за дзевятае месца жаночага чэмпіянату Расеі. Па выніках рэгулярнага сезона расейскай жаночай Суперлігі беларуская каманда фінішавала на 10-м радку табліцы. Згодна з рэгламентам турніру каманды, якія занялі ў „рэгулярным” чэмпіянаце 9-10-е месцы, павінны разыграць больш высокую пазіцыю ў серыі да дзвюх перамог. Такім чынам, апошнім супернікам „Менчанкі” ў розыгрышы стаў краснаярскі „Енісей”, які пасля 26 гульняў сезона размясціўся ў агульным рэйтынгу дзевятым.
Першы матч паміж камандамі прайшоў у Краснаярску. Стартавая партыя засталася за беларускамі 25:22, два наступныя сэты выйгралі ўжо гаспадыні пляцоўкі (абодва разы па 25:18). Мацнейшымі ў чацвёртым адрэзку зноў былі нашы дзяўчаты (25:23), і пераможца сустрэчы вызначыўся ў вырашальнай пятай партыі. Валейбалісткі „Менчанкі” пяць разоў падавалі на матч, але суперніцы нязменна адыгрываліся і ў выніку выйшлі з паядынку пераможцамі – 21:19 у пятым сэце і 3:2 па суме.
Другая гульня „Енісея” і „Менчанкі” пройдзе сёння таксама ў Краснаярску.
Івашка прайграў у 1/16 фіналу турніру ў Монтэ-Карла
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры катэгорыі ATP-1000 у Монтэ-Карла з прызавым фондам 5 мільёнаў 800 тысяч еўра. У паядынку 1/16 фіналу беларус прайграў у дзвюх партыях 12-й ракетцы планеты расіяніну Карэну Хачанаву – 6:7 (2:7), 2:6.
Беларускае Радыё Рацыя