«Быкаўскі песімізм» беларусаў што да вайны ва Украіне



Пагаворым сёння пра вынікі свежага сацыялагічнага даследавання аналітычнага Цэнтру «Чатэм Хаўз».

Апытваліся праз інтэрнэт гарадскія жыхары Беларусі. Вось галоўныя лічбы. 46% беларусаў лічаць, што ў вайне пераможа Расея. 15% – што Украіна. 44% супраць ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. 30% у той ці іншай ступені падтрымліваюць Расею.

Апошняя лічба важная з двух пунктаў гледжання. Адматаем назад дзевяць гадоў. Пазітыўна да Расеі ставілася больш за 60% беларусаў. Пасля падзеяў 2020 году, калі Пуцін падтрымаў Лукашэнку, лічба прыхільнікаў Расеі рэзка знізілася ўдвая – да 30% беларусаў.

Як бачым, ні закатаваныя ў Кіеўскай вобласці, ні сцёрты з зямлі Марыупаль, ні забойствы і катаванні на паказ, не паўплывалі на меркаванне 30% жыхароў Беларусі.

Але ў перамогу Украіны не вераць амаль палова. І 40% не выказаліся хоць як. Але такая пазіцыя хутчэй бліжэй да недаверу ў магчымасць пройгрышу Расеі. То бок, людзі не падтрымліваюць Расею, але вераць у яе перамогу. Гэта песімізм.

Адзін з сучасных стваральнікаў беларускай нацыянальнай Ідэі Сяргей Дубавец калісьці сфармуляваў такое паняцце – «быкаўскі песімізм». Гаворка пра пісьменніка Васіля Быкава. Сэнс думкі ў тым, што ў творах Быкава песімістычныя інтанацыі і канцоўкі сюжэтаў, але аўтар насамрэч спадзяецца, што памыляецца.

Чаму тыя беларусы, якія не падтрымліваюць Расею, вераць у яе нязломнасць?

Расейская дзяржаўная прапаганда прыблізна ад апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя і да нашых дзён замбуе ўсіх, да каго дацягваецца, думкай пра веліч Расеі. Пры тым, што сама па сабе без саюзнікаў Расея ніколі ў гісторыі не перамагала. Але тыя краіны, што выступалі ў саюзе з Расеяй, альбо замоўчваюцца, альбо адсоўваюцца на другі план.

Прыгадайце свае школьныя гады: ці шмат вучняў з захапленнем вывучалі гісторыю? Хутчэй «не», чым «так». Людзі слаба ведаюць гісторыю, таму карыстаюцца прадуктамі прапаганды.

Усе, хто сочыць за вайной ва Украіне, чакаюць контрнаступ ЗСУ. Гэта чаканне каласальнага гістарычнага экзамену, вынік якога можа цалкам змяніць геапалітычныя настроі не толькі беларусаў, але ўсёй Еўропы і часткова Азіі.

Расейцы ад Пуціна да вагнераўскага зэка знаходзяцца ў палоне прапагандысцкага самазамбавання. Яны таксама не вераць, што могуць прайграць.

Разгром расейскага войска ва Украіне зломіць хрыбет міфу пра магутнасць Крамля і ягоных калоній пад назвай Расейская Федэрацыя.

А змены ва ўяўленнях беларусаў адносна Расеі, паўплываюць на настроі адносна трываласці ўлады Лукашэнкі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя