У праваслаўных — Вялікая Субота



У гэты дзень Царква ўспамінае прабыванне Хрыста целам у магіле, Яго зыход душой у пекла, увядзенне разбойніка ў рай і адначаснае прабыванне з Айцом і Духам у небе.

На Літургіі святога Васіля Вялікага, якая пачынаецца з вячэрні, чытаецца пятнаццаць парэміяў. У іх сабраныя важнейшыя прароцтвы пра пакуты і ўваскрашенне Хрыста. Падчас багаслужбы змяняюцца з цёмных на светлыя ўсе рызы, святарскае адзенне ды інтэр’ер храма. Непасрэдна пасля Святой Літургіі асвячаюцца хлеб і віно. Пасля святары пачынаюць асвячаць стравы на велікодны стол.

Некалі ў вялікіх кошыках неслі асвячаць каўбасу, хлеб і, зразумела, яйкі. Усе гэтыя асвечаныя прадукты елі ў час велікодных святаў. Цяпер гэтая традыцыя мае больш сімвалічнае вымярэнне — кажа этнограф Артур Гавэл.

– Яшчэ 50-60 год таму свяціць людзі хадзілі не ў царкву, а прыносілі асвяціць ежу да крыжоў. Не так як сёння, сімвалічна, а тады неслі поўныя кошыкі ежы.

У гэты дзень адбываецца адзін з галоўных цудаў Праваслаўнай Царквы, які яна лічыць знакам асаблівага Божага блаславенства. У ерусалімскім храме Уваскрашэння адбываецца зыходжанне святога агню.

Беларускае Радыё Рацыя