Агляд прэсы: калі і вада – зброя
Беларусі і Расеі забаранілі ўдзельнічаць у хакейных турнірах да заканчэння вайны ва Украіне. Судан «у вагні». Нямеччына адключыла апошнія АЭС. Недахоп водных рэсурсаў у свеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пакуль ЗША і Велікабрытанія змясцілі Беларусь у спіс краін, куды не варта ездзіць, усё тая ж Беларусь, як і Расея, не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў турнірах Міжнароднай федэрацыі хакея, пакуль працягваецца вайна ва Украіне», – паведамляе канадскае выданне The Globe and Mail.
«У сувязі з тым, што абедзвюм краінам ужо забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах IIHF да 2024 года, яе прэзідэнт Люк Тардыф заявіў, што аналагічнае рашэнне прынята аб правах удзелу дзвюх краін у 2025 годзе.
Апошні раз расейскія мужчынскія і жаночыя хакеісты выступалі пад сцягам Алімпійскага камітэта Расеі на Гульнях у Пекіне ў 2022 годзе, якія завяршыліся незадоўга да таго, як Расея ўварвалася ва Украіну. Калі IHF падоўжыць забарону, гэтае рашэнне паўплывае на права Беларусі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Мілане-Корціна ў 2026 годзе, паколькі зборныя гэтай краіны не змогуць удзельнічаць у алімпійскіх кваліфікацыйных турнірах у 2025 годзе. Міжнародны алімпійскі камітэт схіляецца да таго, каб расейскія і беларускія спартсмены выступілі на летніх Гульнях у Парыжы ў наступным годзе. Тардыф сказаў, што IIHF не выконвае парады МАК, таму што хакей – камандны від спорту. Яшчэ адна праблема – праблемы бяспекі пасля таго, як IIHF у мінулым месяцы спасылалася на даследаванне ацэнкі рызыкі, якое яна правяла, каб вызначыць, што небяспечна дазваляць спаборнічаць Расеі і Беларусі», – адзначае канадскае выданне.
У Судане ўспыхнула ўзброенае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі, якія падпарадкоўваюцца двум уплывовым фігурам краіны – генералу Абдэлю Фаттаху аль-Бурхану, які дэ-факта з’яўляецца прэзідэнтам краіны, і Мухамаду Хамдану Дагло – начальніку так званых Сіл хуткага рэагавання. Падчас баявых дзеянняў, якія разгарнуліся ў тым ліку і ў сталіцы Хартуме, за мінулыя выходныя загінула амаль сто чалавек. Як піша італьянская газета La Stampa, перад намі – звядзенне рахункаў паміж злачынцамі ў ваеннай форме.
«Сутычка адбываецца паміж бруднымі клептакратамі, чые мундзіры абчэпленыя ўзурпаванымі ордэнамі, а менавіта – паміж генералам Абдзелем Фаттах аль-Бурханам, правадыром ваеннай хунты, якая ў 2021 годзе знішчыла надзею на дэмакратыю і нясмелую спробу яе ўсталяваць, і , вядомым пад мянушкай «Гемэці». Менавіта ён быў верхаводам эскадронаў смерці, якія чынілі генацыд у Дарфуры. Гэта – два былыя саўдзельнікі, якія цяпер грызуцца з-за здабычы, якой з’яўляецца сам Судан. Пасля путчу, якім кіраваў Дагло, паўваенныя фармаванні атрымалі назву «Сілы хуткага рэагавання»(СХР) і былі інтэграваныя ў склад арміі краіны. Ім было даручана кантраляваць межы і плыні мігрантаў, што давала нямала магчымасцяў для асабістага ўзбагачэння. А на гэтыя меры выдзяляліся і сродкі Еўрапейскага саюза!», – падкрэслівае італьянскае выданне.
15-га красавіка ў 23 гадзіны 59 хвілін апошнія тры атамныя электрастанцыі Германіі былі адключаныя ад сеткі. Гэтаму папярэднічала рашэнне аб падаўжэнні тэрміну іх эксплуатацыі на тры з паловай месяцы. У адрозненне ад ФРГ іншыя еўрапейскія краіны працягваюць рабіць стаўку на выкарыстанне атамнай энергіі. Гэтаму нямала паспрыяла і тое, што на фоне кліматычнага і энергетычнага крызісаў шэрагі прыхільнікаў атамнай энергетыкі пашырыліся. Швейцарская газета Aargauer Zeitung не раіць ісці па шляху немцаў.
«Закрыццё АЭС не пойдзе на карысць ні самой краіне, ні нават клімату: у сілу адмовы ад атама ў нямецкім энергабалансе ўзрасце доля энергіі, што выпрацоўваецца вугальнымі электрастанцыямі, што забруджваюць навакольнае асяроддзе. Пагаршае сітуацыю і той факт, што Нямеччына адмовілася ад расейскага газу. З эксплуатацыі выведзены электрастанцыі, якія лічыліся бяспечнымі і сучаснымі, а ў той жа самы час у Францыі ці Чэхіі працягваюць працаваць рэактары, стан якіх выклікае трывогу і турботу. У Еўропе Германія апынулася ў адзіноце: так, стаўку на атамную энергетыку мае намер зрабіць Польшча, а Швецыя, якая раней таксама мела намер закрыць свае АЭС, прыняла адваротнае рашэнне, і нават плануе будаўніцтва новых рэактараў. Так, Нямеччыне жадаецца быць узорам для пераймання, але ў света маюцца ўсе чыннікі не прытрымлівацца яе прыкладу», – лічыць швейцарскае выданне.
Лета мінулага года выдалася надзвычай засушлівым, а зіма таксама прынесла вельмі мала ападкаў. У сакавіку Еўракамісія папярэдзіла пра тое, што ўжо зараз прыкметны нізкі ўзровень вады і перасохлая глеба, перш за ўсё гэта датычыцца тэрыторый на поўдні і захадзе Еўропы. Улады паступова пачынаюць рэагаваць – так, у Францыі і Італіі ўжо прымаюцца адпаведныя пакеты мер. У той жа самы час разгараецца баруканне за водныя рэсурсы паміж сельскагаспадарчым сектарам, прамысловасцю і сферай аховы навакольнага асяроддзя. Да 2030 года ў Францыі плануецца скараціць спажыванне вады на дзесяць працэнтаў. Па меркаванні французскай газеты Libération, запланаваных мер апынецца відавочна нядосыць для дасягнення гэтых мэт.
«Ці будзе стрымана абяцанне ажыццявіць «рэальны пераход» у справе карыстання воднымі рэсурсамі? Чароўнай палачкі, вядома, не існуе, але ў нашым распараджэнні, тым не менш, маецца нямала разнастайных рычагоў, якія можна было б задзейнічаць галоўным чынам за рахунак рэгулятарных змен. Аднак і гэтага таксама будзе нядосыць! Самае слабое месца тут – гэта тое, што ў сваім памкненні дасягнуць структурных змен урад робіць стаўку на меры, якія толькі ствараюць стымулы, але не фармулююць прадпісанняў, абавязковых да выканання. Не мяркуецца і ўзмацнення жорсткасці кантролю, што заводзіць нас у непераадольны тупік», – папярэджвае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя