У Карэліцкім і Навагрудскім раёнах праходзіць вучэнне з сіламі тэрабароны
У Карэліцкім і Навагрудскім раёнах праходзіць камандна-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны, падчас якога таксама задзейнічаюць міліцыю і ратавальнікаў.

Як піша раённая газета „Полымя”, каля будынка электрасетак з’явіліся барыкады з мяшкоў з пяском і агароджа з калючага дроту, а таксама „партызаны” у касках і з аўтаматамі. Вартавыя кажуць, што яны з тэрабароны.
„Перад намі стаіць задача не дапусціць на аб’ект жыццязабеспячэння верагоднага праціўніка, а ў выпадку дыверсіі — прыняць меры па абароне тэрыторыі, — кажа адзін з байцоў. — Спробаў вучэбнага нападу не было, мы вядзём пастаяннае назіранне за аб’ектам”.
Камандна-штабное вучэнне на тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў будзе праходзіць па 21 красавіка. У Кашалёўскім сельсавеце на Навагрудчыне нават не стварылі атрад народнага апалчэння.