Рэпрэсаваны беларускі выдавец заключыў кантракт са Стывенам Кінгам



Выдавецтва „Янушкевіч” заключыла кантракт са Стывенам Кінгам.

„Цяпер сусветна-вядомы пісьменнік — наш аўтар”, — паведаміў у сваіх сацсетках кіраўнік беларускага выдавецтва ў выгнанні Андрэй Янушкевіч.

„Плануем выдаць як яго класічныя творы, так і найноўшыя. Выданне беларускіх перакладаў асабліва важна таму, што аўтар забараніў выдаваць свае творы ў Расеі. Гэта быў ягоны адказ на ўварванне ў Украіну”, — паведаміў спадар Андрэй.

Першую кнігу Стывена Кінга плануецца выдаць ужо сёлета. Андрэй Янушкевіч абяцае распавесці падрабязнасці ўсім, хто ў бліжэйшыя тры дні, 21-23 красавіка, прыйдзе на кніжны кірмаш у Беластоку.

Стывен Кінг — сусветнавядомы амерыканскі пісьменнік.  У свеце прададзена больш за 350 мільёнаў асобнікаў кніг аўтара, па якіх знята мноства мастацкіх фільмаў і серыялаў.