30 гадоў “Беларускаму гістарычнаму часопісу”
Навукова-тэарэтычны, навукова-метадычны “Беларускі гістарычны часопіс”, якому ў гэтыя дні спаўняецца 30 гадоў, уваходзіць у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па гістарычных і юрыдычных навуках, мастацтвазнаўстве і культуралогіі.

“Беларускі гістарычны часопіс” — гэта адзіны ў краіне штомесячны навукова-тэарэтычны, навукова-метадычны часопіс па гістарычных і юрыдычных навуках, культуралогіі, мастацтвазнаўстве, методыцы выкладання гісторыі для ўсіх тыпаў навучальных і навуковых устаноў, бібліятэк, архіваў, музеяў і фізічных асоб.
Часопіс пачаў выдавацца з 1993 года. Выдадзена ўжо 285 нумароў, надрукавана звыш 3500 артыкулаў, аўтарамі якіх сталі больш за 200 чалавек.
Асноўныя задачы выдання — прапаганда гістарычных ведаў, фарміраванне патрыятызму праз вывучэнне гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і навуковых кадраў краіны ў галіне гуманітарнай і гістарычнай адукацыі. На старонках часопіса публікуюцца навуковыя, навукова-папулярныя, аналітычныя, метадычныя, інфармацыйныя матэрыялы айчынных і замежных вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў, метадыстаў, настаўнікаў. Спалучэнне навуковых і метадычных матэрыялаў садзейнічае арганічнаму спалучэнню тэарэтычных напрацовак і іх укараненню ў адукацыйны працэс.
Значная частка матэрыялаў выдання прысвечана гісторыі Беларусі ва ўсіх яе аспектах: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, палітычная, эканамічная, ваенная, сацыяльная гісторыя, гісторыя культуры і мастацтва і інш. Адметнае месца займаюць публікацыі пра гераічныя і трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны, а таксама знамянальным падзеям у гісторыі Беларусі.
Асаблівая ўвага надаецца ідэйна-змястоўнаму ўзроўню выдання, інфармацыйнаму напаўненню рубрык: «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», «Палітычная гісторыя», «Сацыяльная гісторыя», «Ваенная гісторыя», «Дзяржава і права», «Гісторыя культуры», «Гісторыя рэлігіі», «Знаходкі і адкрыцці», «Усеагульная гісторыя», «Людзі гістарычнай навукі», «Музеязнаўства», «Краязнаўства», «На кніжнай паліцы», «Навуковае і грамадскае жыццё», «Гісторыя адукацыі», «Методыка. Тэорыя», «Методыка. Вопыт», «Адукацыя ХХІ стагоддзя», «Шлях у навуку» і іншых.
Часопіс рэдагавалі Васіль Кушнер і Максім Гальпяровіч. З мінулага года рэдактарам часопіса прызначаны Аляксандр Корзюк.
Беларускае Радыё Рацыя