Без зменаў. Адбылася апеляцыя па справе „Вясны”



Прысуд пакінуць без зменаў — такое рашэнне вынес суд на апеляцыю па справе палітзняволеных праваабаронцаў „Вясны” — Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча.

Рашэнне суда каментуе прадстаўніца „Вясны” Наталля Сацункевіч:

Канешне сёння я вельмі засмучаная і раззлаваная гэтым рашэннем. Усё ж такі была такая маленькая-маленькая, крохкая надзея на тое, што прысуд будзе адменены і яны будуць вызваленыя ў залі суда. Цуд не здарыўся і зараз у Беларусі ў судовай сістэме цуды звычайна не здараюцца.

Апеляцыя – гэта рубеж, адзначыла Наталля Сацункевіч. Пасля яе прысуд уступае ў моц і палітзняволеныя вясноўцы паедуць адбываць пакаранне ў калоніі.

Нагадаем, судом першай інстанцыі палітзняволеным прадстаўнікам праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу далі жорсткія тэрміны зняволення: ад 7 да 10 гадоў калоніі.

Беларускае Радыё Рацыя