Міністэрства інфармацыі падало пазоў на ліквідацыю выдавецтва Змітра Коласа



2 траўня адбудзецца пасяджэнне Эканамічнага суда Менска на падставе пазову Мінінфармацыі ў дачыненні выдавецтва «Зміцер Колас». Ведамства хоча спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецтва, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У анонсе працэсу на сайце Вярхоўнага суда прадмет спрэчкі агучаны так — «прызнанне несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання». Заяўнікам пазначана Міністэрства інфармацыі, адказнікам (зацікаўленай асобай) — Колас Дзмітрый Георгіеівіч. На працэс прызначаны суддзя Аляксей Русецкі.

Прычына, па якой ведамства хоча ліквідаваць вядомае выдавецтва, не пазначана. Але як сведчыць Беларуская асацыяцыя журналістаў, падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «Вызваленыя» i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў». Выданне было прызнана «экстрэмісцкім» паўгады таму.

Некаторы час таму Reform.by пісаў пра затрыманне беларускага перакладчыка і літаратуразнаўцы разам з друкаром выдавецтва Алегам Сычовым. Зміцер Колас правёў у СІЗА КДБ 10 сутак, і ў якасці адной з прычын яго затрымання, па крыніцах Reform.by, таксама фігуравала кніга дакументаў з дзяржархіваў пра рэпрэсіі. У выніку абвінавачванне выдаўцу так і не было прад’яўлена і ён выйшаў на волю 14 сакавіка.

Пасля Зміцер Колас паспяхова прыняў удзел у Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, якая ладзілася з 22 па 26 сакавіка.

Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае ў Беларусі кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне атрымала кніжная серыя выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 кніжак выбітных аўтараў свету