Палітзняволеная Антаніна Кавалёва выйшла на волю
Сяброўку Аб’яднанай грамадзянскай партыі затрымалі разам з іншымі лідарамі 27 ліпеня 2022 года. У выніку Аксану Аляксееву, Мікалая Казлова і Антаніну Кавалёву асудзілі за ўдзел Маршы „Новай Беларусі” ў Менску ў 2020 годзе. За 30 хвілін на Маршы 64-гадовай Антаніне прызначылі адзін год калоніі.

На судзе жанчына выступіла з кранальным апошнім словам:
„Хацела прынесці карысць грамадству, а зараз прапануецца расцэньваць гэта дрэнна. Знаходжанне ў турме — гэта бяда. Гэта бяда для любога чалавека. Там знайшлі лісты, якія я пісала зняволеным і іх адказы. Гэтыя людзі не ўсе мае знаёмыя, але я разумела, што турма — гэта бяда. Што людзі ў няшчасці знаходзяцца і мне хацелася неяк ім дапамагчы, неяк падтрымаць. Сярод усіх народаў, і сярод славянскіх народаў, прынята традыцыя дапамогі зняволеным. І я лічу, што мяне павінна гэта характарызаваць станоўча, а не разглядацца, як доказ маёй віны”.
Сёння, 22 красавіка, Антаніна выйшла на волю з гомельскай калоніі, цалкам адбыўшы тэрмін.
Вясна