«Абменны курс»
Царкоўны сан – не падстава для індульгенцыі. У справе да 61 святара-калабаранта з Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата ўзбуджаны крымінальныя справы, па якіх ужо вынесена сем прыгавораў. 19 святароў Украіна пазбавіла грамадзянства. Супрацоўніцтва з ворагам, апраўданне расейскай агрэсіі і распальванне міжрэлігійнай варожасці – такі «джэнтэльменскі набор» маюць усе агітатары за рускі мір.

Але адна справа, калі ўзнагарода (чытай – кара ў выглядзе часовага пражывання ў папраўчай калоніі за кошт сумленных падаткаплацельшчыкаў) знойдзе свайго героя (чытай – калабаранта ў расе), іншая – падобным кантынгентам папоўніць абменны фонд ваюючай краіны. На днях аднаго святара УПЦ МП абмянялі на 28 палонных украінскіх вайскоўцаў. Гэта ж якую ён уяўляе каштоўнасць для РФ! Мусіць, мінімум маёрскія пагоны пад расой.
І тут жа Інтэрнэт заззяў мемамі і вострымі ўкраінскімі каментарамі: «добры курс у абменніку», «залатое дно», «маскоўскі сатанат», «трэба хутчэй мяняць, а то інфляцыя з’есць – занадта шмат маскоўскай агентуры ў расах». Цяпер трэба чакаць рэакцыі скрэпных блогераў: маўляў, як весяліцца асатанелы Захад, гледзячы на ўсю гэтую русафобію, як нясецца ў брудным скоку па крышталёвых душах вернікаў.
Насамрэч, вылічыць здраднікаў, якія гадамі ўкараняліся ва ўкраінскую (антыўкраінскую) царкву – усяго толькі справа тэхнікі СБУ. Тым больш, прэцэдэнт быў створаны.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя