Падобна, што Статкевіч, Знак і Лосік працяглы час знаходзяцца ў ШІЗА — паведамляюць праваабаронцы.



Пра тое, што палітвязні Мікалай Статкевіч, Максім Знак і Ігар Лосік ужо працяглы час знаходзяцца ў ШІЗА, выказвае меркаванне «Віцебская вясна», грунтуючыся на тым, што ад гэтых палітвязняў ўжо працяглы час няма лістоў, а ліставанне забароненае акурат са штрафных ізалятараў.

Зрэшты, адносна Максіма Знака ўдалося атрымаць і пацвярджэнне: адміністрацыя калоніі «Віцьба-3» паведаміла яго жонцы і адвакату Надзеі, што палітвязень насамрэч утрымліваецца ў ШІЗА. Жонцы Мікалая Статкевіча з глыбоцкай калоніі №13 увогуле не адказалі нічога. Няма адказу і з Дэпартамента выканання пакаранняў. Ад Максіма Знака сям’я не атрымлівае лістоў паўтара месяца.

Апошні допіс ад яго прыйшоў 9 лютага. 20 лютага родныя атрымалі апошні ліст ад палітзняволенага журналіста Ігара Лосіка, які адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК-1.