Валер Карбалевіч: Гэта была, відавочна, адмысловая аперацыя Масквы
Госць Рацыі — палітычны аглядальнік, публіцыст Валер Карбалевіч.

РР: Наконт падзеяў гэтага тыдня. Фактычна ўвесь гэты час поўнамаштабнай вайны гучалі здзіўленыя меркаванні, чаму ў Менску застаецца ўкраінскі амбасадар? І ўнутры Украіны гучалі такія пытанні, і ў тым ліку ў Вярхоўнай Радзе. І вось гэта нарэшце здарылася. Спадар Кізім выкліканы для кансультацыі. І што гэта значыць? Апошняй кропляй стаў менавіта візіт у Менск кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна і ягоныя абдымкі з Лукашэнкам?
Валер Карбалевіч: Так, безумоўна. І я думаю, што гэта была такая даволі прыхаваная, хаця і не вельмі прыхаваная, аперацыя Масквы, каб разбурыць нейкія адносіны Беларусі з Украінай. Ну не сам жа Пушылін вырашыў прыехаць у Менск. Зразумела, што яго сюды даслалі. І даслалі менавіта з такім разлікам, што Украіна будзе на гэта рэагаваць менавіта так, як яна зрэагавала. І ў выніку атрымалася як раз тое, чаго хацела Масква, хацела Расея, чаго яна, магчыма, дамагалася. Раней не атрымоўвалася. А вось цяпер нарэшце атрымалася. Сапраўды за гэтыя два гады ў беларуска-украінскіх адносінах было шмат момантаў, калі, здавалася, што сапраўды амбасадар будзе адкліканы, ці ўвогуле дыпламатычныя адносіны будуць разбураны, ліквідаваныя. Тут і пачатак вайны, калі з Беларусі адбыўся наступ расейскіх войск на Кіеў. І былі шматлікія памежныя інцыдэнты, калі там былі перамяшчэнні нейкіх вайсковых падраздзяленняў з абодвух бакоў. Была гісторыя з дыверсіяй у аэрапорце Мачулішчы супраць расейскага самалёта, у якой беларускія ўлады абвінавацілі ўкраінскага дыверсанта, і за чаго Лукашэнка назваў Уладзіміра Зяленскага нехарошым словам. Але ўсё гэта не вяло да адклікання амбасадара. А менавіта спроба легалізацыі захопленых Расеяй тэрыторый, у якой паўдзельнічаў беларускі бок, і вось гэта стала той апошняй кропляй, якая прывяла да гэтага дыпламатычнага дэмаршу афіцыйнага Кіева.
Цалкам размова:
Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя