Народзіны Зянона Пазняка



Зянон Пазняк – гэта брэнд. Як бы хто да яго не ставіўся, Пазняк – гэта пазнавальная асоба ў найноўшай беларускай гісторыі.

Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. А ў спадара Пазняка Дзень нараджэння. 79 гадоў.

Для мяне асабіста Зянон Станіслававіч – гэта той чалавек, з якім я загаварыў па-беларуску па-за ўрокам беларускай мовы ў школе.

У 1988 годзе пасля свайго восьмага класу я ўладкаваўся на летніх вакацыях на раскопы Святадухаўскай царквы ў Менску. Раскопамі заведваў сур’ёзнага выгляду спадар, які ў мяне пытаўся фармальныя рэчы: імя, прозвішча, нумар школы, даведка ад бацькоў, даведка з паліклінікі.

І ўсё па-беларуску. У краіне, дзе знішчэнне беларускага было дзяржаўнай праграмай.

Я зрабіў чалавечы подзвіг, я адказаў па-беларуску.

Я стаў нацменам і антысавеччыкам. Горш – для сістэмы я стаўся нацыяналістам. Ворагам.

У 1988 годзе я ўявіць не мог, што ў 2023 рыторыка бальшавікоў будзе актуальнай. Але я пабываў за кратамі, дзе на допыце мяне назвалі іншаземным агентам. Пераходзіў дзве мяжы нелегальна.

Прайшоў праз адаптацыю ў якасці іншаземца ў выгнанні, калі людзі ў краіне прыбывання мала разумеюць што з табой адбылося.

Канешне, я не дзякуючы Зянону Пазняку стаўся беларусам. Але Пазняк гэта той спускавы кручок, які ў маёй гісторыі стрэліў на некалькі месяцаў раней, чым для грамадства. Першыя Дзяды былі ўвосені. А свае публічныя словы па-беларуску я прамовіў летам.

Беларускасць у Беларусі, якая дэ-факта акупаванай расейскай імперыяй, – гэта грамадзянскі і чалавечы ўчынак. Учынак адвагі і перавагі дабра над злом.

І Зянон Пазняк ёсць адным з брэндаў беларускасці як чалавечага ўчынку.

А пасля быў «Зянон-хоп». Рэп-чытанка. Для новай пасля 1990-х генерацыі Пазняк стаўся мэмам.

Для іншай часткі – галавой секты.

Грамадства сталася больш разнастайным, сегментаваным.

Але для мяне на Дзень Нараджэння Зянона Пазняка – важны ўспамін пра цеплыню.

Цеплыню да публічнага далучэння да беларуска арыентаванай грамадскасці.