Берасцейскае „Дынама” зноў прайграла ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты берасцейскага „Дынама” на хатняй арэне не ўтрымалі перамогу над БАТЭ, пацярпеўшы пятую паразу запар у чэмпіянаце Беларусі. Упершыню гуляючы пад кіраўніцтвам новага трэнерскага штаба, берасцейцы выйшлі наперад на 8-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Дзяніса Кавалевіча. Гэта першы гол берасцейскай каманды ў сёлетнім першынстве. Гаспадары поля лідыравалі да 75-й хвіліны, калі капітан барысаўчан Валерый Бачэраў далёкім ударам са штрафнога параўняў лік. Госці на гэтым не спыніліся, і яшчэ праз тры хвіліны Уладзіслаў Малькевіч забіў пераможны мяч – 2:1 на карысць БАТЭ.
Чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” разграміў на выездзе срэбранага прызёра сталічны „Энергетык-БДУ” – 4:1. Кур’ёзная памылка брамніка сталічнага клуба Аляксандра Нячаева і гол Паўла Савіцкага дапамаглі „Нёману” ў гасцях мінімальна адолець „Мінск” – 1:0. „Нёман” з сямю ачкамі уздымаецца на шостае месца.
Беларус забіў у другой запар гульні футбольнага чэмпіянату Польшчы
30-гадовы беларус Яўген Шыкаўка выступае ў Польшчы за „Карону” з Кельцэ ўжо другі сезон. У першым сезоне ён забіў толькі раз, а зараз на рахунку Яўгена шэсць дакладных удараў і ён другі бамбардзір «Кароны». Больш – дзесяць разоў – вызначыўся толькі Якуб Лукоўскі. У мінулым туры „Карона” прымала „Заглембе” з Любліна і Шыкаўка двойчы вызначыўся яшчэ ў першым тайме. Аднак яго клуб перамогу не ўтрымаў, нічыя – 2:2. У мінулым туры дакладны ўдар Шыкаўкі на апошняй хвіліне прынёс «Кароне» перамогу над беластоцкай «Ягелоніяй». „Карона” Кельцэ пасля 29 гульняў – займае 12-е месца ў „Экстракласе” з 18-ці. Падчас пратэстаў-2020 Шыкаўка падтрымаў беларускі народ, хоць тады ён выступаў у менскім «Дынама». Галы ён адзначаў знакам перамога і адмовіўся падпісаць праўладны ліст.
„Ньюкасл” дэкласаваў „Тотэнхэм”
У 32 туры англійскай прэм’ер-лігі „Ньюкасл” на сваім полі з тэнісным лікам разграміў „Тотэнхэм” — 6:1. „Сарокі” забілі пяць мячоў за 20 хвілін паядынку. Гол прэстыжу на рахунку Хары Кейна. „Шпоры” з 53 баламі засталіся на пятай пазіцыі. „Ньюкасл” з 59 ачкамі ідзе трэцім. „Манчэстэр Юнайтэд” абыграў „Брайтан” у паўфінале Кубка Англіі. Матч скончыўся без галоў 0:0, а ў серыі пенальці поспех быў на баку манкуніанаў – 7:6. У фінале турніру „Ман Юнайтэд” пазмагаецца з „Манчэстэр Сіці”, які ў паўфінале разграміў „Шэфілд” 3:0.
„Напалі”, дзякуючы голу Распадоры на трэцяй даданай хвіліне матчу, на выездзе адолеў „Ювентус” у матчы 31-га тура чэмпіянату Італіі — 1:0. „Юве” з 59 ачкамі ідзе трэцім у табліцы, неапалітанцы з 78 баламі працягваюць лідыраваць. „Мілан” абыграў „Лечэ” 2:0 – дублем адзначыўся Рафаэл Леаў. „Мілан” набраў 56 ачкоў і ўзняўся на пятае месца ў табліцы, абышоўшы „Інтэр”, які напярэдадні разграміў «Эмпалі» 3:0 дзякуючы дублю Лукаку. У матчы 30-га тура іспанскай Ла Лігі «Барселона» прымала мадрыдскі «Атлетыка». Матч завяршыўся перамогай „Барселоны” з лікам 1:0. Адзіны гол на 45-й хвіліне правёў Феран Торэс, які адгукнуўся на перадачу Рафіньі з правага фланга. „Барселона” працягвае ўзначальваць турнірную табліцу іспанскай Ла Лігі, набраўшы 76 ачкоў у 30 матчах. Адрыў ад „Рэала” складае 11 ачкоў. Мадрыдскі „Атлетыка” размяшчаецца на трэцім месцы, у яго актыве 60 ачкоў у 30 матчах.
Баскетбалісткі „Гарызонта” выйгралі другі матч фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісткі „Гарызонта” здабылі другую вікторыю ў фінальнай серыі за золата жаночага чэмпіянату Беларусі. У другім паядынку з гарадзенскай „Алімпіяй” падначаленыя Наталлі Трафімавай святкавалі перамогу з мінімальнай перавагай – 61:60. У стартавай сустрэчы дзейныя чэмпіёнкі краіны выйгралі 63:52. Такім чынам, каб трэці раз запар заваяваць золата нацыянальнага першынства, „Гарызонту” засталося выйграць усяго адзін матч. Трэці паядынак адбудзецца 28 красавіка. Усе сустрэчы за залатыя медалі праходзяць на пляцоўцы сталічнага РДУАР, уваход на трыбуны вольны.
На наступным тыдні ў мужчынскім чэмпіянаце краіны пачнуцца паўфінальныя серыі. Дзеючы чэмпіён Беларусі БК „МІНСК” згуляе з віцебскім „Рубонам”, а срэбраны прызёр магілёўскі „Барысфен” сустрэнецца з баскетбалістамі „Гродна-93”.
Сабаленка трэці раз саступіла ў фінале турніру WTA-500 у Штутгарце
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка трэці раз запар прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку беларуска, якая займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях першай ракетцы планеты польцы Ізе Свёнтэк – 3:6, 4:6. Сабаленка ні разу не вяла ў ліку, хаця ў яе актыве 5 падач на вылет пры ўсяго адной у суперніцы. Лепшая беларуская тэнісістка прыклала нямала намаганняў, каб пераламіць хаду гульні, але гэта ёй не ўдалося. Сустрэча працягвалася гадзіну 50 хвілін. Год таму ў вырашальным паядынку гэтых спаборніцтваў Свёнтэк выйграла ў Сабаленкі ў двух сэтах з аднолькавым лікам 6:2.
Беларускае Радыё Рацыя