Агляд прэсы: дыпламатычныя цацкі



Ліда як ядзерны фарпост Беларусі. Судан: сітуацыя абвастраецца. Амбасадар Кітая ў Францыі выклікаў гнеў постсавецкіх краін. Адгалоссі Рэвалюцыі гваздзікоў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У чэрвені 2022 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясціў аб новай палітыцы Расеі па размяшчэнні часткі сваёй ядзернай зброі ў Беларусі.

Больш чым праз дзевяць месяцаў пасля першапачатковага абвяшчэння сумеснае выкарыстанне ядзернай энергіі паміж Расеяй і Беларуссю ўсё яшчэ вельмі незавершанае. «Нягледзячы на шматлікую нявызначанасць, ужо можна прадбачыць некаторыя ключавыя наступствы новай расейскай палітыкі сумеснага выкарыстання ядзернай зброі», – адзначае міжнароднае спецыялізаванае выданне The Bulletin of the Atomic Scientists.

«Кітай — як практычна ўсе на Зямлі — ведаў пра расейскія планы перадаць Беларусі ядзерную зброю, як мінімум з лета 2022 года. Ніякай інтрыгі не было. І неаднаразовыя заявы Расеі пра тое, што перадача ядзернай зброі непазбежная, безумоўна, дапамаглі вырашыць праблемы Кітая, калі яны былі. А зараз паветраны складнік ядзернага абмену будзе ўключаць 10 беларускіх самалётаў Су-25 савецкіх часоў, што сведчыць пра тое, што колькасць ядзерных бомбаў таксама будзе невялікая, магчыма, тыя ж 10.

Месцазнаходжанне базы для атамных Су-25 публічна не раскрываецца. Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, аднак, паведаміў, што яны будуць разгорнутыя «недалёка ад заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы» (якая складаецца з Расеі і Беларусі), што можа намякаць на базу ў Лідзе на захадзе Беларусі. Непадалёку таксама знаходзіцца стары савецкі склад ядзернай зброі. Пазней Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў пацвердзіла Ліду як ядзерную базу Су-25, выкарыстоўваючы геалакацыю відэасюжэта беларускага тэлебачання з пілотам беларускага ядзернага самалёта», – паведамляе міжнароднае выданне.

Пакуль заходнія краіны эвакуююць сваіх грамадзян з Судана, у краіне працягваюцца баявыя сутыкненні паміж арміяй дэ-факта прэзідэнта Абдэль Фаттаха аль-Бурхана і ваенізаванымі Сіламі хуткага рэагавання (СБР) пад кіраўніцтвам яго намесніка Махамеда Хамдана Дагло. Колькасць загінуўшых у выніку баявых дзеянняў ужо перавысіла 400 чалавек. Рэжым спынення агню, узгоднены было бакамі напярэдадні мусульманскага свята Ураза-байрам у мінулую пятніцу, не змог пакласці канец баявым дзеянням. «ЕЗ, Афрыканскі саюз і арабскія краіны абавязаны разам праявіць ініцыятыву па дасягненні перамір’я», – патрабуе бельгійская газета De Morgen.

«Мы павінны даць зразумець палявым камандзірам, што іх вайсковыя дзеянні знаходзяцца пад пільным назіраннем Міжнароднага крымінальнага суда і што іх замежныя актывы будуць заблакаваныя. А каб гэтае пасланне лепш да іх дайшло, агучыць яго павінны перагаворшчыкі, прычым гледзячы наўпрост у вочы абодвум бакам. Дыпламаты, якія не маюць ваеннага вопыту, былі па праве эвакуіраваны, але цяпер, магчыма, прыйшоў час адправіць у Афрыку вопытных пасрэднікаў у пашытых на заказ касцюмах з куленепрабівальнымі камізэлькамі і ўзброеным эскортам. Часам і дыпламату даводзіцца ісці па сцежцы вайны. Калі на гэта не вырашымся мы, то нас апярэдзяць дыпламаты з Масквы ці Пекіна», – папярэджвае бельгійскае выданне.

Амбасадар Кітая ў Францыі Лу Шайе выклікаў хвалю абурэння ў краінах постсавецкай прасторы: у эфіры французскага тэлеканала дыпламат заявіў, што ў гэтых краін няма «дзейнага статусу» ў міжнародным праве, як няма і «міжнароднага пагаднення, якое ўстанаўлівае іх статус як суверэнных нацый». На старонках французскай газеты Le Monde каля 80 еўрапейскіх парламентарыяў звярнуліся да міністра замежных спраў Францыі Катрын Калона з заклікам аб’явіць пасла Кітая персонай нон грата.

«Ні Кітай, ні якая-небудзь іншая краіна не маюць права ставіць пад сумнеў суверэнітэт іншых дзяржаў. Суверэнітэт – гэта не дыпламатычная цацка, а асноватворны элемент міжнародных адносін, міжнароднага права і Статута ААН. У той час, калі ў Еўропе бушуе вайна, вельмі важна, каб дэмакратычны свет паслаў выразны сігнал такім аўтарытарным дзяржавам, каб абараніць суверэнітэт нашых саюзнікаў. А таму мы настойліва заклікаем вас абвясціць амбасадара Лу Шайе персонай нон грата ў адказ на яго зусім непрымальныя паводзіны», – піша французскае выданне.

Прэзідэнт Бразіліі Лула да Сілва прыбыў з афіцыйным візітам у Партугалію. У ходзе сустрэчы са сваім партугальскім калегам Марсэлу Рэбелу дэ Соўза, якая адбылася ў нядзелю, Лула зноў заклікаў стварыць групу дзяржаў, якая «села б за стол перамоваў як з Украінай, так і з Расеяй». У чацвер, калі ў Партугаліі будзе адзначацца чарговая гадавіна Рэвалюцыі гваздзікоў, Лула да Сілва запрошаны выступіць з прамовай у партугальскім парламенце. На думку партугальскага штотыднёвіка Visão, было вялікай памылкай запрасіць бразільскага прэзідэнта выступіць у парламенце менавіта ў гэты дзень.

«Запрасіць Лулу ў парламент у гэты дзень – вар’яцкая ідэя, прычым адразу па некалькіх прычынах. 25 красавіка ўжо даўно стала датай, калі ўсе яшчэ глыбей закопваюцца ў свае акопы. Ёсць тыя, хто заяўляюць свае правы на гэты дзень, ёсць тыя, хто начыста адпрэчваюць яго. Гэта дзень, калі ў грамадстве пануюць раскол, спрэчкі і разлад. 25 красавіка – гэта дзень, калі быў пакладзены канец дыктатуры, якая панавала ў краіне на працягу 41 года, і ў гэтага дня не павінна быць ні «ўладальнікаў», ні супернікаў. Гэты дзень належыць нам усім. Дастаткова ўключыць разумны сэнс, каб зразумець наступнае: ідэя запрасіць Лулу да Сілву прыняць удзел у святкаванні гадавіны толькі падлівае масла ў агонь і паглыбляе раскол», – падкрэслівае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя