Вяртаў праўду ў душы людзей. Памяці архіепіскапа Арцемія



У ноч на 22 красавіка горад над Нёманам страціў асобу, значнасць якой для Гародні і для ўсёй Беларусі будзе ацэнена толькі з часам, магчыма толькі праз дзесяцігоддзі. Сімвалічна, што архіепіскап Арцемій адышоў да Госпада ў паслявелікодны тыдзень, на Светлай Сядміцы – гэты факт выглядае як асаблівая ласка з Нябёс.

У даведнікі і энцыклапедыі Уладыка Арцемій (свецкае імя Аляксандр Анатолевіч Кішчанка) увойдзе як беларускі праваслаўны іерарх, які ў 1996-2021 гадах узначальваў Гарадзенска-Ваўкавыскую епархію. У гісторыю ж беларускага хрысціянства дзейнасць архіепіскапа Арцемія будзе запісана куды больш глыбокім чынам. І найперш яго пазіцыяй у 2020 годзе. Гэты год у гісторыю Беларусі ўжо ўвайшоў як год вялікага выбару. На фоне грамадска-палітычных падзей, якія разгарэліся летам таго году, кожны чалавек проста мусіў выявіць нейкую пазіцыю. Настаў час не маўчаць і святарам. Цэлы шэраг праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх святароў выступілі супраць гвалту сілавікоў. За гэта яны таксама зазналі пераслед, а некаторыя і катаванні. Некаторых пазбавілі нават сану, але затое яны засталіся на баку праўды і Хрыста. Архіепіскап Арцемій быў адзіны з іерархаў, хто адкрыта і цвёрда выступіў супраць гвалту і зла, выразна назваў рэчы сваімі імёнамі. І сказаў, што верыць у здольнасьць любові і міру «вярнуць праўду ў нашы душы».

16 жніўня 2020 года ў час грамадскіх пратэстаў і іх жорсткага здушэння архіепіскап Арцемій выступіў з казаннем, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і фальсіфікацыі на выбарах. Тых, хто брутальна, а галоўнае зусім безпадстаўна збіваў мірных суграмадзян, ён назваў нашчадкамі камуністычных бязбожнікаў, якія раней, яшчэ ў савецкі час, знішчалі царкву. Сінадальны аддзел Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах царквы і грамадства адмежаваўся ад пропаведзі архіепіскапа Арцемія, заявіўшы, што яна адлюстроўвае выключна асабісты погляд архірэя. Фактычна філіял Рускай праваслаўнай царквы падтрымаў гвалтоўныя дзеянні уладаў. Але глыбокія словы Праўды з вуснаў гарадзенскага архіепіскапа пачула ўся Беларусь.

14 сакавіка 2021 года ў Даравальную нядзелю архіепіскап у сваім слове ў Пакроўскім саборы сказаў наступнае: «Ісці шляхам прыстасаванства – гэта шлях самазнішчэння. Уваходзіць у палітыку, уваходзіць у іншыя праблемы не ўласціва Царкве. Але Царква не павінна быць абыякавай да таго, што адбываецца наўкола. Новамучанікі і праведнікі нашага часу заўсёды казалі: «Маўчаннем здраджваецца Бог». Быць хрысціянінам – гэта значыць быць крыжаносцам. Пачынаючы ў змаганні са сваімі заганамі, у змаганні са сваім асабістым грахом, у змаганні з грамадскімі настроямі, з царкоўнымі праблемамі – гэта крыж цяжкі, які трэба несці, часам ахвяруючы сабой». Архіепіскап нёс такі свой крыж надзвычай годна і ахвярна. Яго крывадушна адхілілі ад епіскапскай пасады, адсунулі ўбок, але скампраметаваць ці запляміць неяк яго імя ніяк не маглі.

Пакуль іншыя будавалі і ўзводзілі свае зіккураты побач з дзяржаўнымі пірамідамі, архіепікап Арцемій ва ўсіх сэнсах закладаў падмуркі сапраўднай беларускай царквы. Менавіта пры ім у Гародні была пабудаваная Царква ў гонар Усіх беларускіх святых, развіваўся беларускі праваслаўны асяродак пры Каложскай царкве, дзе праводзіліся адмысловыя навукова-літаратурныя чытанні, разнастайныя выставы, паўстаў праваслаўны цэнтр пры гарадзенскім Пакроўскім саборы, дзе было месца ўсім хрысціянам, у тым ліку і мясцовым творцам-літаратарам. З яго блаславенства будаваліся новыя храмы і ставіліся памятныя крыжы. Ён пакінуў усім свае «Пропаведзі» па-беларуску. Ён казаў, што святарам трэба пераходзіць на мову ў пропаведзях, каб народ, слухаючы іх на роднай мове, узбагачаўся культурай свайго краю.

Архіепіскап Арцемій адышоў у Вечнасць да Госпада, але ён адначасна застаўся сярод нас. І найперш у асобах сваіх шматлікіх вучняў, якія працягваюць несці людзям Слова Божае і будуць надалей развіваць менавіта беларускую праваслаўную царкву.

Вечная і светлая памяць…

Уладзімір Хільмановіч, „Ніва”, №18, 2023 г.