Беларусы адзначаюць Радаўніцу



У праваслаўных вернікаў – Радаўніца – дзень памяці продкаў ці Вялікдзень памерлых. Па старажытнай традыцыі ён выпадае праз тыдзень пасля Вялікадня і заўжды на аўторак. У Беларусі яго ўвялі ў каляндар святочных дзён у снежні 1991 года.

Ілюстрацыйнае фота.

Радаўніца пачынаецца з ранішніх набажэнстваў і затым працягваецца наведваннем могілак. У Пінску асабліва шматлюдна на старых гарадскіх могілках, наведнікі распавялі, як яны сустракаюць вясенні дзень памяці продкаў:

Дзень для мяне вельмі важны, асаблівы. Прыходзім ускласці кветкі, недзе пасля Пасхі, прыбіраемся, робім усё чысценька. Дома за вялікім сталом сядаем і памінаем.

Абавязковае наведванне храму, абавязковае. Гэта нашы памерлыя, яны не чакаюць ад нас кветачак. Прыйшлі, прыбраліся, гэта добра, але ім патрэбная малітва.

Падмяла, лісткі сабрала, памалілася.

Дарэчы, на Піншчыне, як у большасці іншых рэгіёнаў беларускага Палесся, захавалася і традыцыя ўшаноўваць памяць сваякоў-нябожчыкаў у першы чацвер па Вялікадню, які называюць „Наўскім чацвяргом”.

Беларускае Радыё Рацыя