„75 дзён невядомасці”: Ад Мікалая Статкевіча па-ранейшаму няма звестак



Ужо 75 дзён (ці два з паловай месяцы) Марына Адамовіч не атрымлівае ніякай інфармацыі пра стан свайго мужа, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча.

„1030 дзён за кратамі. 75 дзён невядомасці», – напісала Марына Адамовіч у „Фэйсбук”.

Жонка палітвязня раней пісала, што не толькі не атрымлівае лістоў ад Статкевіча, але і не мае адказаў ад афіцыйных інстанцый, куды яна таксама дасылае звароты.

„Верагодна, адзіны „закон”, які дзейнічае, гэта – „часам не да законаў”. Апошнія сілы ідуць не на тое, каб жыць, а на тое, каб не праклінаць. Яны самі з гэтым справяцца. Усё праходзіць, а душа несмяротная. Пакуль пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка”, – пісала яна.

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У снежні 2021 года яго асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, тэрмін ён адбывае ў глыбоцкай калоніі ў адзіночнай камеры.