Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ пецярых адвакатаў
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ пецярых адвакатаў. Як паведамляе @defendersbelarus, па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці адносна:
Бародка Аляксея, Гурыновіча Аляксандра, Сцяпанава Ігара — у сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Менскай і Віцебскай) за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру);
Аленскую Інэсу, Шарстнёва Дзяніса — у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі.
Інэса Аленская абараняла ў судах палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойка, Рыгора Кастусёва.