Тэма дня – Чарнобыльскі шлях
Выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся 26 красавіка 1986 года

У маёй фрэндстужцы ў фэйсбуку як ніколі шмат згадак і пра Чарнобыльскую трагедыю, і пра Чарнобыльскі шлях як грамадскую з’яву.
Хоць па маіх адчуваннях быў перыяд, калі да даты 26 красавіка ў Беларусі пачалі ставіцца прахалодна.
Магчыма, агучаная перспектыва завозу ў Беларусь ядзернай зброі актуалізавала памяць пра загубленыя і скалечаныя праз радыяцыйную атруту лёсы.
А яшчэ пра абурэнне хлуснёй урадавых функцыянераў. Якія дзеля забеспячэння ўласнай бяспекі ахвяравалі здароўем дзясяткаў тысяч грамадзян.
Цяпер гісторыя паўтараецца, толькі крыху па-іншаму. Тэрор за лайкі і перапосты ў сацыяльных сетках мае тую ж самую прыроду. Хто пры ўладзе, дбае толькі пра свае выгады.
Першы Чарнобыльскі шлях быў адным з грамадскіх чыннікаў, які паспрыяў знікненню камуністычнага рэжыму.
Памятаю як ішоў у калоне дэманстрантаў па праспекце Леніна ў Менску з пашытым маёй бабуляй бел-чырвона-белым сцягам. Гэта быў 1989 год.
Насустрач рушыў аўтобус з польскімі турыстамі. Яны прыехалі ў Беларусь, якая разам з усім Савецкім Саюзам толькі адкрылася для бязвізу, як цяпер кажуць.
Палякам да свабоды заставалася ўсяго некалькі месяцаў. Беларусам было адмерана больш за трыццаць гадоў.
У 1989 сам факт выхаду на праспект хоць з якой дэманстрацыяй, не санкцыяванай уладамі, быў выклікам.
Праз два гады Беларусь на нейкі час сталася не толькі незалежнай, але троху свабоднай.
Першая беларуская рэвалюцыя была ў 1996 годзе. Яе назвалі Менская вясна. Але ў адрозненне ад 2020 года тая рэвалюцыя была ў асноўным сталічнай. Можа, таму і не перамагла.
Акцыі пратэсту супраць новаабранага дыктатара Лукашэнкі ішлі ад Дня волі ў сакавіку да канца траўня.
У чым рэвалюцыйнасць? У змене свядомасці грамадства, якая выявілася ў разуменні, што дыктатура – гэта дрэнна.
Самым яркім эпізодам, як па мне, быў Чарнобыльскі шлях.
Тады, у 1996-м, я ўбачыў амаль немагчымае. У адной калоне ішлі анархісты і «Белы легіён», які можна было б назваць і «Правым легіёнам».
То бок, злачыннасць улады, якая працягвала традыцыі КПСС, разумелі людзі з розных палітычных спектраў.
Уласна таму «Чарнобыльскі шлях» – гэта не толькі памяць пра ахвяры, сколькі пра абвінавачванне таталітарнай сістэмы. А як у такіх сістэмах робяцца ахвярамі – гэта справа выбару тэхналогіі.
Наш беларускі Чарнобыльскі шлях не скончаны.
Цалкам гук:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя