Чэхія ўвяла санкцыі супраць патрыярха Кірыла



Урад Чэхіі ўнёс у санкцыйны спіс прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла (Уладзіміра Гундзяева). Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што кіраўнік РПЦ падтрымлівае расейскае ўварванне ва Украіну, растлумачыў міністр замежных спраў рэспублікі Ян Ліпоўскі.

Патрыярх Кірыл стаў першым расейцам, які трапіў у нацыянальны санкцыйны спіс Чэхіі. Абмежаванні маюць на ўвазе забарону на ўезд у краіну і замарозку актываў. Таксама яму нельга праводзіць любыя фінансавыя апэрацыі праз чэскія структуры.

Раней патрыярх Кірыл патрапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі, Канады і Аўстраліі. Апроч гэтага яму забаранілі ўезд у Літву. Еўракамісія прапаноўвала ўвесці абмежаванні супраць кіраўніка РПЦ на ўзроўні ЕЗ, але ініцыятыва была заблакіравана Венгрыяй.