Беларус Арцём Каралёк намінаваны на званне MVP чэмпіянату Польшчы
Беларускі лінейны „Кельце” Арцём Каралёк прэтэндуе на званне самага каштоўнага гульца чэмпіянату Польшчы-2022/23. Беларус трапіў у шорт-ліст кандыдатаў. Акрамя яго на ўзнагароду прэтэндуюць Аркадыўш Марыта і Нікаля Турна з „Кельце”, Тарас Міноцкі з „Тарнува” і Цін Лучын з „Віслы”.

Галасаванне ўжо адкрыта, яно працягнецца да 14 траўня. Будуць улічвацца галасы заўзятараў, гандбалістаў, трэнераў і босаў клубаў. Прагаласаваць за Арцёма Каралька можна ў афіцыйным дадатку чэмпіянату. Лаўрэаты будуць аб’яўлены 21 траўня.
Каралёк таксама прэтэндуе на званне лепшага лінейнага турніру.
Баскетбалісты „Барысфена” перамаглі „Гродна-93” на старце 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі
На мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па баскетболе стартавала паўфінальная стадыя. У першым паядынку серыі 1/2 фіналу срэбраны прызёр мінулага першынства магілёўскі „Барысфен” перайграў на сваёй арэне ўладальнікаў бронзы баскетбалістаў „Гродна-93” з перавагай 6 ачкоў – 76:70. Другая сустрэча таксама адбудзецца ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец” 29 красавіка, а 4 траўня супернікі згуляюць у Гародні. Сёння ў першым матчы другой паўфінальнай пары дзейны чэмпіён Беларусі БК „Мінск” прыме на сваёй пляцоўцы віцебскі „Рубон”. Паўфінальныя серыі працягнуцца да трох вікторый адной з каманд.
Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова стартавала на буйным турніры катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 600 тысяч даляраў. У матчы другога раўнда другая ракетка планеты перамагла ў дзвюх партыях румынку Сарану Кырсцю, у якой 44-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, – 6:4, 6:3. Наступнай суперніцай беларускі будзе калумбійская тэнісістка Каміла Асорыа (115-ы нумар рэйтынга WTA). У 2021 годзе Арына Сабаленка стала пераможцай мадрыдскага турніру.
5 траўня вырашыць, ці дапускаць „гарнякоў” да еўракубкаў
У Доме футбола прайшло пасяджэнне па дысцыплінарнай справе салігорскага „Шахцёра”. На пасяджэнне выклікалі 28 чалавек. Рашэнне пакуль не прынятае, але яно можа быць прынятае ў тэрмін да 4 траўня, паведамляе агент Антон Смірноў.
5 траўня БФФ павінна прыняць рашэнне аб выдачы ці нявыдачы „Шахцёру” ліцэнзіі УЕФА для выступаў у еўракубках, а для гэтага адпаведна трэба зразумець, якія санкцыі будуць прыменены да клуба ў рамках бягучай дысцыплінарнай вытворчасці. Нагадаю, „Шахцёр” падазраюць у стымуляванні супернікаў у шэрагу матчаў вышэйшай лігі-2022. Следчы камітэт расследуе крымінальную справу на былых кіраўнікоў клуба.
„Тотэнхэм” вырваў нічыю ў матчы з „Манчэстэр Юнайтэд”
У матчы 33-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Тотэнхэм” на хатняй арэне згуляў унічыю з „Манчэстэр Юнайтэд” з лікам 2:2. На галы Санча і Рашфарда адказалі ў другім тайме Пора і Хын Мін.
„Фіярэнціна” згуляла ўнічыю з „Краманезе” 0:0 і выйшла ў фінал Кубка Італіі. У першай паўфінальнай гульні „Фіярэнціна” на выездзе ўпэўнена абыграла свайго суперніка з лікам 2:0. Такім чынам, „Фіярэнціна” выйшла ў фінал Кубка Італіі. У вырашальным матчы каманда пазмагаецца з „Інтэрам” 24 траўня.
Міжнародныя спаборніцтвы па лёгкаатлетычных кіданнях памяці Шукевіча пройдуць у Брэсце
Міжнародныя спаборніцтвы па лёгкаатлетычных кіданнях памяці заслужанага трэнера СССР Яўгена Шукевіча пройдуць 28-29 красавіка ў Берасці, паведаміў дырэктар абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву Аляксей Ясковіч. У спаборніцтвах бяруць удзел больш за 200 спартоўцаў. Таксама заяўлены адзін удзельнік з Казахстана. Прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы: юнакі і дзяўчаты 2006-2008 гадоў нараджэння, юніёры і юніёркі, а таксама дарослыя атлеты. У праграме – кіданне молата, дзіды, дыска і штурханне ядра.
Беларускае Радыё Рацыя