Пра страшылкі ад ваенкома
Памятаеце ваенкома Крываносава – таго самага, які перадаваў зараз бодрасці ад саміведаецекаго іншым вайскоўцам. Цяпер гэты гомельскі ваенком па відэасувязі распавядае страшылкі.

Не пра чырвоную руку ці зялёныя пальцы. А сапраўдныя. Ваенком Крываносаў пагражае тым мужчынам, якія не хочуць ісці ў войска. Увогуле правільна і робяць, што не хочуць. Пасля лютага 2022 года беларускага войска ў Беларусі не існуе. Так што, цалкам разумею ўсіх, хто не вельмі імкнецца звязвацца з гэтай сумнеўнай структурай у краіне.
А вось ваенком Крываносаў выклаў відэа, дзе палохае адміністратыўнай адказнасцю за няяўку ў вайсковы камісарыят і крымінальнай адказнасцю і зняволеннем за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву. Крываносаў пагражае беларусам са словамі не выпрабоўваць лёс і ісці ў войска. А вось прычыну Крываносаў называе проста выдатную: бо ўзброеныя сілы робяць з прызыўнікоў мужчын. Ага, беларускае войска акурат гэтым і займаецца: робяць мужчын. Паглядзіш на ваенкома Крываносава – і адразу хочацца ў войска, каб стаць мужчынам. А ўвогуле лепей бы ваенком пра чырвоную руку ці зялёныя пальцы страшылкі распавядаў. Хоць нейкая б тады ад яго была карысць. Прынамсі можна было б перад сном замест калыханкі паслухаць.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя