У Беларусі ліквідавалі аб’яднанне літоўцаў „Гімціне”



Гарадзенскі абласны суд у пятніцу вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»).

Паводле даных, размешчаных на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, істцом па справе выступала Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама.

Арганізацыя „Гімціне” існавала больш за 20 гадоў. Яна была створана на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пелясе Воранаўскага раёна. Гэтая вёска знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Воранава. Мясцовыя жыхары свабодна размаўляюць на літоўскай, адзначаюць свята святога Лінуса і рыхтуюць літоўскія цэпеліны.

У аб’яднанні на пачатак 2022 года было 150 чалавек. „Гімціне” было першым афіцыйна зарэгістраваным у Беларусі грамадскім аб’яднаннем літоўцаў.

У жніўні мінулага года была закрытая Пяляская сярэдняя школа. Яна падтрымлівалася ўрадам Літвы.

У верасні мінулага году ў Гародні ліквідавалі «Польску Мацеж Школьну» — адну з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. У красавіку гэтага году польскамоўныя школы Гародні і Ваўкавыска перавялі на рускую мову навучання.