У Беларусі ліквідавалі аб’яднанне літоўцаў „Гімціне”
Гарадзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання літоўцаў „Гімціне”. Аб гэтым ТАСС паведамілі ў судовай інстанцыі.

Па звестках, размешчаных на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, істцом па справе выступала Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама.
Нібыта з боку аб’яднання, якое працавала ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна, зафіксаваны парушэнні закона, аднак падрабязнасці справы каментаваць не сталі. Аб’яднанне больш за 20 гадоў працавала над стварэннем умоў для нацыянальнага самавыяўлення беларускіх літоўцаў. У Пелясе, дзе яно дзейнічала, ёсць школа з літоўскай мовай навучання. У гэтай жа вёсцы нацыянальная меншасць ладзіла мерапрыемствы і сустрэчы з літоўскімі чыноўнікамі.
„Гімціне” (gimtinė) у перакладзе з літоўскай азначае „Радзіма”. Гэта першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне літоўцаў.
Паводле афіцыйных звестак, на 1 студзеня 2022 года колькасць чальцоў грамадскага аб’яднання „Гімціне” складала 150 чалавек, у 2021-м было 163.
Беларускае Радыё Рацыя