„Гомель” і берасцейскае „Дынама” здабылі першыя перамогі ў чэмпіянаце Беларусі



Футбалісты „Гомеля” і берасцейскага „Дынама” святкавалі першыя перамогі ў матчах 33-га чэмпіянату Беларусі.
Гамяльчане пасля стартавай паразы і трох нічыіх запар парадавалі сваіх заўзятараў хатняй перамогай над сталічным „Энергетыкам-БДУ” – 1:0. Пераможны мяч на 16-й хвіліне сустрэчы забіў Дзяніс Казлоўскі. На 4-й кампенсаванай хвіліне другога тайма госці мелі выдатны шанец сысці ад паразы, але галкіпер гаспадароў поля Алег Кавалёў узяў пенальці, які прабіваў Амірбек Бакаеў. Берасцейскія дынамаўцы, якія прайгралі ўсе 5 стартавых паядынкаў, здолелі перамагчы ў Наваполацку мясцовы „Нафтан” з буйным лікам 3:0. Галы ў свой актыў запісалі Ілля Калпачук, Міхаіл Гардзяйчук і Седрык Куадэ.
У заключным матчы 6-га тура дзеючы чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” на сваёй арэне перамог „Мінск”. Дзейныя чэмпіёны краіны змаглі забіць толькі аднойчы. Праз паўгадзіны пасля пачатку сустрэчы пераможны мяч забіў Ягор Карпіцкі. Пасля пяці вікторый запар першую паразу пацярпелі лідары турніру футбалісты мінскага „Дынама”, якія саступілі ў Гародні мясцоваму „Нёману” – 0:1.

„УУС-Дынама” па пенальці адолела БЧ у 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гарадзенскае „УУС-Дынама” ў серыі пасляматчавых пенальці святкавала вікторыю над гомельскім БЧ у гасцявым паядынку 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Падчас сустрэчы ў Гомелі дынамаўцы некалькі разоў былі ў ролі даганяючых, але за хвіліну да заканчэння асноўнага часу зраўнялі лік – 3:3. У авертайме супернікі не змаглі забіць, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку гарадзенскай каманды – 4:2.
У другім матчы ў Оршы паміж мясцовым „Вітэнам” і ФК „Мінск” асноўны час завяршыўся ўнічыю – 2:2. У авертайме поспеху дамагліся госці, якія двойчы забілі гаспадарам пляцоўкі – 4:2 на карысць мінчан. Паўторныя сустрэчы адбудуцца 4 траўня ў Гародні і Мінску.

Мілік не забіў пенальці, а яго „Ювентус” не здолеў перайграць „Балонню”

У матчы 32-га тура чэмпіянату Італіі па футболе „Балоння” на хатняй арэне згуляла ўнічыю з „Ювентусам” з лікам 1:1. На гол Арсаліні на 10-й хвіліне дакладным ударам адказаў паляк Аркадыюш Мілік. На 31-й хвіліне ён жа не рэалізаваў пенальці.
Футбалісты „Ліверпуля” выйгравалі з розніцай у тры мячы, і ледзь не страцілі перамогу над лонданскім „Тотэнхэмам” у матчы 34-га тура чэмпіянату Англіі 4:3. Пераможны гол забіў Дыегу Жота на 4 даданай хвіліне матчу. Юрген Клоп так святкаваў поспех падначаленых, што атрымаў траўму нагі і пайшоў у падтрыбуннае памяшканне „Энфілда” накульгваючы. У матчы 32-га тура чэмпіянату Іспаніі па футболе „Вальядалід” саступіў „Атлетыка” з лікам 2:5.

„Мінск” другі раз выйграў у „Рубона” ў паўфінале чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты „Мінска” дамагліся другой перамогі над віцебскім „Рубонам” у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі.
У другім хатнім матчы дзеючыя чэмпіёны краіны сустрэлі ўпарты супраціў з боку віцябчан і пайшлі на вялікі перапынак з перавагай усяго ў пяць ачкоў – 45:40. У далейшым падначаленыя Расціслава Вергуна прыбавілі ў руху і дакладнасці кідкоў і ў выніку перамаглі з розніцай 18 ачкоў – 85:67. У першай гульні мінчане выйгралі з лікам 102:78. Трэцяя сустрэча адбудзецца 5 траўня ў Віцебску. Паўфінальныя серыі працягнуцца да трох вікторый адной з каманд.

Чэмпіён і паўнамоцны ўладальнік Кубка Стэнлі вылецеў з плэй-оф

Безумоўны лідар рэгулярнага сезона „Бостан” саступіў у сёмым матчы першага кубкавага раўнда „Фларыдзе” 3:4 у авертайме і выбыў з барацьбы за трафей. Аналагічны лёс напаткаў „Каларада”, уладальніка Кубка Стэнлі-2022. Яго крыўдзіцелем апынуўся „Сіэтл”. А злым геніем – дацкі нападнік Олівер Б’ёркстранд, які аформіў дубль у вырашальнай баталіі 2:1. „Сіэтл” — першы ў гісторыі НХЛ „клуб пашырэння”, які адолеў у дэбютнай серыі плэй-оф дзеючага ўладальніка Кубка Стэнлі.

Перэс выйграў Гран-пры Азербайджана

Пілот „Рэд Бул” Серхіа Перэс стаў пераможцам „Гран-пры” Азербайджана „Формулы-1”, які прайшоў на гарадской трасе ў Баку.
Гэта другая перамога мексіканца ў сезоне. Другое месца заняў яго партнёр па камандзе нідэрландзец Макс Ферстапен, трэцім стаў француз Шарль Леклер з „Ферары”. Наступным этапам чэмпіянату будзе „Гран-пры” Маямі, які запланаваны на 5-7 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя