„Прыгоды Мармурка” ад Язэпа Палубяткі
Мастоўскі літаратар Язэп Палубятка павінен быў даўно выдаць сваю кнігу , ды не адну. Гэта вельмі таленавіты чалавек, які разумее гумар і сатыру. Шмат друкаваўся ў часопісе “Вожык” і ў іншых выданнях. І вось нарэшце свет пабачыла яго першая кніга “Прыгоды Мармулка”. Яе склала аповесць, якая падае замалёўкі з кругаверці падзей першай паловы 1990-х гадоў. Яшчэ ходзяць “зайчыкі”, і пад выспяткамі лёсу галоўны герой, выпускнік філфака слыннага ў свеце ўніверсітэта, сам, як той заяц, туляецца па сталіцы маладой дзяржавы і раз-пораз уваходзіць у стасункі з самымі рознымі, добрымі ў большасці сваёй, людзьмі. А дзе трапляюцца не зусім добрыя, то яны не вінаватыя – жыццё такое.

У прадмове аўтар пазначае: “Паўстаў стэаратып, што гісторыю робяць палітыкі. Яно недзе так. Толькі мая мама пра тое мела сваю думку. На ўсе іх дзеі было ў простай кабеты слушнае меркаванне: каб іх аброба абрабіла. Як і спакон веку, так і зараз, палітыкі тую гісторыю робяць хцівасцю да грошай, славы, надутага гонару. Яшчэ больш недарэчным паўстае меркаванне, што гісторыю пішуць гісторыкі… Усё гэта надуманае. Сапраўдную гістрыю пішуць сатырыкі. Толькі яны праўдзіва асвятляюць свой час і падзеі. Чытайце сатыру! Чытайце і будзеце як сведкамі гісторыі, так і яе стваральнікамі! Смейцеся! Тым самым вы надасце сабе здароўя і пасееце ў тлумныя галовы недаверкаў зерне будучых усходаў дабрачыннасці, справядлівасці ды надзеі на лепшую будучыню”.
Язэп Палубятка нарадзіўся на Мастоўшчыне. У 1978 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці радыёфізіка і электроніка. Болей за дваццаць гадоў працаваў сувязістам у Мастах. Першыя літаратурныя практыкаванні апублікаваў у раённай газеце „Зара над Нёманам”. У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1991 годзе ў „Маладосці” апавяданнем „Краб”. У 1996 годзе ў гэтым жа часопісе выйшла аповесць „Вялікая жнівенская”. У часопісе „Першацвет” (1993 – 1995 гг.) былі надрукаваны апавяданні „Белы конь”, Апошняя сповядзь”, „Маё дзіўнае вяселле”. Творы Язэпа Палубяткі друкаваліся і ў іншых выданнях – часопісах “Крыніца”, “Алеся”, газеце “Наша слова” і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя