Юрый Губарэвіч: Сітуацыя з Бабарыкам – цынічная і кажа пра разгубленасць рэжыму
Амбасада Беларусі ў Эстоніі пракаментавала паведамленне амбасадара ЗША пры АБСЕ Майкла Карпентэра пра тое, што рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасць за здароўе і дабрабыт Бабарыкі і ўсіх астатніх палітычных зняволеных. Беларуская дыпмісія ў Эстоніі параіла ЗША „азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы Бабарыкі, як гэта прапаноўваў Лукашэнка ў 2020 годзе”.

Сітуацыю каментуе старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч:
– Гэта цынічны каментар, дэманстрацыя таго, што няма жадання паказаць, што рэальна адбываецца з Бабарыкам, даць тлумачэнні. Бо гэта падзея, якая выклікала грамадскі рэзананс, і, напэўна, калі б усё было б добра і не было б ніякіх праблемаў, то ўлады штосьці прадэманстравалі. А так, канешне, могуць быць самыя горшыя прагнозы. Спадзяюся, што ён усё ж такі застаецца жывы і знаходзіцца ў дастаткова прымальным стане. Хоць пра гэта даведацца зараз немагчыма.
На думку Юрыя Губарэвіча, падзеі вакол Віктара Бабарыкі ды іншых палітвязняў у Беларусі, умовы ўтрымання якіх пагоршыліся, указваюць на безвыходнасць рэжыму Лукашэнкі, які так і не можа дабіцца публічнага пакаяння ад палітзняволеных.


Беларускае Радыё Рацыя
Фота estonia.mfa.gov.by, twitter.com/USAmbOSCE, Reuters