Хакеісты „Нью-Джэрсі” з Шаранговічам прабіліся ў другі раунд плэй-оф НХЛ



Хакеісты „Нью-Джэрсі Дэвілз” з беларусам Ягорам Шаранговічам у складзе сталі апошнімі ўдзельнікамі другога раунда плэй-оф НХЛ. Мінулай ноччу ў сёмым, вырашальным паядынку 1/8 фіналу „д’яблы” перамаглі на сваёй арэне „Нью-Йорк Рэйнджэрс” з сухім лікам 4:0, выйграўшы серыю 4:3. Ягор Шаранговіч выходзіў на лёд у трэцім звяне. Ён правёў на пляцоўцы 13 хвілін 15 секунд, не набраўшы выніковых балаў пры каэфіцыенце карыснасці „0”. Для 24-гадовага беларускага нападніка гэта дэбют у плэй-оф наймацнейшай хакейнай лігі планеты. Да яго за яе галоўны трафей, Кубак Стэнлі, змагаліся Уладзімір Цыплакоў, Руслан Салей, Андрэй і Сяргей Касціцыны, а таксама Міхаіл Грабоўскі. Наступным супернікам „Нью-Джэрсі Дэвілз” будуць хакеісты „Караліны Харыкейнз”, якія ў 1/8 фіналу былі мацнейшыя за „Нью-Йорк Айлендэрс” – 4:2.

Валейбалісты „Шахцёра” выйгралі другі матч фіналу чэмпіянату Беларусі супраць „Будаўніка”

Салігорскі „Шахцёр” святкаваў другую перамогу над менскім „Будаўніком” у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд. Другі матч фіналу вышэйшай лігі, як і першы паядынак, адбыўся на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту „Уручча”. Аднак родныя сцены зноў не дапамаглі валейбалістам „Будаўніка” зачапіць хаця б адзін сэт. Праўда, у адрозненне ад сустрэчы ў мінулую пятніцу, гаспадары навязалі барацьбу ў дзвюх стартавых партыях, дзе „Шахцёр” усё роўна быў мацнейшым 25:21 і 25:20. У заключным адрэзку перавага „гарнякоў” была больш адчувальнай 25:16, у выніку чарговыя 3:0 па сэтах на карысць гасцей. Трэці і, магчыма, апошні паядынак супрацьстаяння пройдзе 10 траўня.

Фінальная серыя 32-га чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд пройдзе 2-3 траўня ў Берасці, паведаміў БЕЛТА старшыня валейбольнага клуба „Брэст” Максім Кажанаў.
Барацьбу за золата на арэне палаца спорту „Вікторыя” пачнуць лідэры турнірнай табліцы – берасцейская каманда „Прыбужжа” і сталічны клуб „Мінчанка”.

Сабаленка паспрачаецца за выхад у паўфінал турніру WTA у Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспрачаецца сёння, 2 траўня, за выхад у паўфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнў 600 тысяч даляраў. У чвэрцьфінальным матчы суперніцай другой ракеткі будзе егіпецкая тэнісістка Маяр Шэрыф, якая займае 59-е месца ў сусветным рэйтынгу. Гэта будзе іх першы паядынак на турнірах пад эгідай WTA. У выпадку поспеху ў чвэрцьфінале Сабаленка ў 1/2 фіналу сустрэнецца з пераможцай матчу паміж грачанкай Марыяй Сакары (9-ы нумар сусветнага рэйтынгу) і 35-й ракеткай планеты румынкай Ірынай Камеліяй Бегу.

Брэсель стаў чэмпіёнам свету па снукеры

28-гадовы бельгіец Люка Брэсель у фінальным матчы чэмпіянату свету па снукеры з лікам 18:15 перамог 39-гадовага ангельца чатырохразовага чэмпіёна свету Марка Сэлбі. Упершыню ў гісторыі чэмпіёнам свету па снукеры стаў прадстаўнік Бельгіі. Брэсель быў прызнаны сенсацыяй гэтага чэмпіянату ўжо на этапе чвэрцьфіналу, калі ён перамог дзеючага чэмпіёна свету Роні О’Салівана. У паўфінале ён здолеў адолець кітайца Сі Цзяхуэя, прайграючы з лікам 5:14 (вынік 17:15). Упершыню ў кар’еры ён дайшоў да фіналу чэмпіяната свету. І ў выніку перамог.

Беларускае Радыё Рацыя