„Прыбужжа” саступіла „Мінчанцы” ў першым матчы фінальнай серыі
„Прыбужжа” ў Берасці саступіла „Мінчанцы” ў першым матчы фінальнай серыі плэй-оф жаночага чэмпіянату Беларусі — 1:3.

Наступны паядынак суперніцы правядуць сёння, 3 траўня, яго таксама прыме спартовы комплекс „Вікторыя”.
Трэнерскі штаб „Металурга” ў поўным складзе працягне кіраваць камандай
Трэнерскі штаб чэмпіёна краіны жлобінскага „Металурга” ў поўным складзе працягне кіраваць камандай у наступным сезоне. Пра гэта паведамляе прэс-служба „сталёвых ваўкоў”. Спецыялісты, якія ўжо двойчы прывялі жлабінчан да чэмпіёнскага кубка:
Галоўны трэнер – Дзмітрый Краўчанка;
Трэнеры — Дзмітрый Саяпін, Эдуард Валіулін;
Трэнер брамнікаў – Сяргей Задарожны.
Радзькоў адмовіўся ўзначаліць зборную Беларусі
Беларускі спецыяліст Арцём Радзькоў адмовіўся ўзначаліць зборную Беларусі. Пра гэта паведамляе інсайдэрскі тэлеграм-канал „Вуха”.
Радзькоў знаходзіцца ў Беларусі, дзе завяршае навучанне на ліцэнзію PRO. У мінулым сезоне спецыяліст працаваў з „Іслаччу”, якую прывёў да пятага месца ў чэмпіянаце Беларусі. З высокай доляй верагоднасці ў найбліжэйшых матчах зборнай Беларусі працягне кіраваць Георгій Кандрацьеў.
Мельнікаў лепшы гулец 6-га тура чэмпіянату Беларусі
Два футбалісты „Слуцка” сталі лепшымі ў матчах 6-га тура чэмпіянату Беларусі. Форвард слуцкай дружыны Мікіта Мельнікаў у хатнім паядынку з бабруйскай „Белшынай” дапамог сваёй камандзе cвяткаваць другую вікторыю ў гэтым першынстве і быў прызнаны лепшым гульцом мінулага тура. Ён забіў другі мяч у гэтай сустрэчы, а таксама аддаў дакладны пас пры першым узяцці брамы, калі вызначыўся яго партнёр Сяргей Глебка. Менавіта гол Глебкі і стаў самым прыгожым сярод усіх забітых мячоў у мінулым уік-эндзе. Турнірную табліцу зараз узначальвае сталічнае „Дынама”, у якога 15 ачкоў пасля шасці праведзеных матчаў, на два балы адстаюць дзеючы чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” і жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, якія правялі па пяць паядынкаў. Замыкае табліцу „Белшына”, у якой два ачкі, на адзін бал больш у берасцейскага „Дынама”.
„Арсенал” нанёс паразу „Чэлсі” і выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы
У матчы 34-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Арсенал” абыграў „Чэлсі” з лікам 3:1. Прычым «кананіры» пасля дубля Эдэгора і гола Жэзуса выйгравалі з лікам 3:0 на 34-й хвіліне. Адзін гол адыграў Мадуэке на 65-й хвіліне матчу. „Кананіры” падняліся на першае месца ў табліцы, апярэджваючы „Манчэстэр Сіці” на два ачкі.
У матчы 33-га тура чэмпіянату Іспаніі „Барселона” ўзяла верх над „Асасунай” 1:0. На 27-й хвіліне Хорхе Эранда („Асасуна”) атрымаў прамую чырвоную картку. Адзіны гол на 85-й хвіліне забіў Альба.
„Рэал Сасьедад” абыграў мадрыдскі „Рэал” 2:0.
У самым пачатку другога тайма «Рэал Сасьедад» выйшаў наперад дзякуючы голу нападніка Кубо. На 62-й хвіліне быў выдалены абаронца „Рэала” Карвахаль. Другі і апошні гол у матчы забіў Андэр Баранэчэа.
Сабаленка прабілася ў паўфінал турніру WTA-1000 у Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала першай паўфіналісткай турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 600 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале другая ракетка планеты перайграла ў трохсэтавым паядынку егіпецкую тэнісістку Маяр Шэрыф – 2:6, 6:2, 6:1. У паўфінале суперніцай беларускі будзе грачанка Марыя Сакары, якая адолела румынку Ірыну Камелію Бегу 6:7(3:7), 6:4, 6:2.
Беларускае Радыё Рацыя