Агляд прэсы: перацягнуць на свой бок



Спосабы пакарання іншадумства ў лукашэнкаўскай Беларусі. 1 траўня – Дзень працы? Падзенне рэйтынгу Францыі пасля пенсійнай рэформы. Еўракамісія мае намер змякчыць правілы ў галіне дзярждоўгу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія два гады значна пагоршылася. Беларусь не з’яўляецца краінай, якая апошнім часам прыцягвае шмат увагі з боку міжнародных СМІ, але рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць беларусаў рознымі спосабамі, некаторыя з іх нечуваныя з часоў савецкага таталітарызму», – паведамляе міжнароднае выданне The Global Voices.

У сакавіку Лукашэнка падпісаў законапраект, які ўводзіць вышэйшую меру пакарання для дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў, прызнаных вінаватымі ў здзяйсненні дзяржаўнай здрады. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не забараніла смяротнае пакаранне. Акрамя пагрозы смяротнага пакарання, у рэжыму ёсць шэраг іншых спосабаў караць беларусаў за любыя пратэсты. Напрыклад, кожны беларус ведае выраз «хатняя хімія». Тэрмін выкарыстоўваўся ў СССР, калі накіраванне на працу ў хімічную прамысловасць было звычайным пакараннем. Зараз гэта від пакарання, пры якім асуджаны не пазбаўляецца волі, а падвяргаецца абмежаванням. Таксама чалавека паводле палітычных поглядаў могуць накіраваць у лячэбна-працоўны дыспансер. Беларускі праваабарончы рух «Вясна» распавядае пра жудасныя ўмовы, з якімі сутыкаюцца людзі, затрыманыя за палітычнае іншадумства, у дзяржаўным ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсцына у чаканні на суд: арыштантам не даюць спаць, уначы не выключаюць святло, пераклічкі вядуць у 2 і 4 гадзіны ночы», – канстатуе міжнароднае выданне.

***

Шмат часу ўжо мінула, як у 1889 годзе прайшла першая майская дэманстрацыя, калі еўрапейскія прафсаюзы і рабочыя партыі ўпершыню арганізавана выйшлі на вуліцы з патрабаваннем васьмігадзіннага працоўнага дня, паляпшэння ўмоваў працы і павышэння заработнай платы. У Дзень працы СМІ прадстаўляюць калейдаскоп тэм і пытанняў, актуальных у краінах Еўропы. Дзелавы румынскі веснік Ziarul Financiar адзначае, што за мінулыя тры дзесяцігоддзі святкаванне 1 траўня ў корані змянілася.

«Пакаленні нашых бабуль, дзядуляў і бацькоў падчас дэманстрацый былі вымушаныя крочыць строем перад вядучымі функцыянерамі Камуністычнай партыі, а сёння іх дзеці і ўнукі расслаблена фланіруюць па Праспекце Перамогі ў Бухарэсце і ацэньваюць, хто і ў ва што прыбраўся. Людзі, якія ў гэтыя выходныя выйшлі на Праспект Перамогі, у свой час вырашылі застацца ў краіне і ўжо нікуды не з’едуць. Вельмі многія з ліку тых, хто знайшоў працу ў філіялах транснацыянальных карпарацый у Бухарэсце ці іншых буйных гарадах, канстатуюць, што атрымалі практычна тое ж самае, як калі б з’ехалі за мяжу – на працу ў такіх жа самых транснацыянальных карпарацыях. Ежа ў Румыніі такая ж, як за мяжой, і хоць заробкі тут крыху ніжэйшыя, затое ў Румыніі на іх можна больш купіць!», – падсумоўвае румынскае дзелавое выданне.

***

У пятніцу рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла крэдытны рэйтынг Францыі з паказчыка AA (вельмі высокі крэдытны рэйтынг) да AA-. У цэлым шкала дэманструе дыяпазон ад AA да D. Сваё рашэнне агенцтва сярод іншага абгрунтавала тым, што люты супраціў, на якое спатыкаюцца ў грамадстве рэфармісцкія планы Макрона, можа паставіць пад пагрозу любыя зрухі ў справе кансалідацыі бюджэту. На думку французскай газеты Les Echos, зніжэнне рэйтынгу зусім неабгрунтаванае.

«Так у барацьбе вакол пенсійнай рэформы ўрад практычна вычарпаў свой палітычны капітал, і гэта ясна як божы дзень. Але рабіць з гэтага выснову, што зараз ён затрымаўся ў тупіку – гэта занадта паспешлівае рашэнне, якое аніяк не апраўдвае зніжэнне крэдытнага рэйтынгу Францыі на цэлы пункт. Да таго ж пенсійная рэформа акурат дазволіць палепшыць фінансавы стан дзяржавы. У адпаведнасці з праграмай стабілізацыі, якую Парыж толькі што накіраваў у Брусель, да 2027 года ў дзяржбюджэт чакаецца паступленне дадатковых 17 мільярдаў еўра: за кошт прамых і ўскосных падатковых адлічэнняў і павышэння ўзносаў», – прагназуе французскае выданне.

***

Еўракамісія прадставіла план па рэфармаванні правілаў, якія датычацца дзяржаўнай запазычанасці еўрапейскіх краін. Прапануецца ў далейшым прадастаўляць краінам з высокай дзяржаўнай запазычанасцю магчымасць індывідуальных рашэнняў па рэструктурызацыі доўгу. Гэта азначала б адмову ад дзейнага на дадзены момант прынцыпу, паводле якога ў адносінах да ўсіх краін супольнасці дзейнічаюць аднолькавыя правілы. «Новыя правілы гучаць лагічна, але іх яшчэ трэба ажыццявіць», – адзначае нідэрландская газета De Volkskrant.

«Сённяшні суровы пакт у любым выпадку вядзе да сталага палітычнага ціску з боку Бруселя на еўрапейскія сталіцы. Менш суровы пакт быў бы багаты на рызыку таго, што ціск аслабне і што за парушэннем правілаў той ці іншай краінай не рушыць услед ніякага ўмяшальніцтва. У такім выпадку паслабленне дысцыпліны ў доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да большай нестабільнасці і буйной шкоды для дзяржаўных бюджэтаў. Падобны сцэнар павінен насцярожыць не толькі нямецкі, але і галандскі ўрад», – папярэджвае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.