Алег Талерчык: Перадусім мы павінны стаць незалежнымі
2020 год у Беларусі стаў тым рубіконам, які раздзяліў людзей на актыўных і неактыўных, маючых гонар і прыстасаванцаў, на злачынцаў і сумленных, годных людзей. У шэрагу годных апынуўся госць Беларускага Радыё Рацыя супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Алег Талерчык. Які пагадзіўся адказаць на нашы пытанні.

РР: Чаму вы перайшлі на бок Зянона Пазьняка? Бо тыя, хто прыйшоў у апазіцыю ў 2020-ым, яны не прымаюць яго. У іх новы лідар – гэта Святлана Ціханоўская.
Алег Талерчык: Я не перайшоў ні на бок Зянона Станіслававіча, ні супраць Ціханоўскай. Я перайшоў і заўсёды быў на баку нацыянальнага Адраджэння. І гэтую ідэю нацыянальнага Адраджэння ўвасабляе ў сабе Зянон Станіслававіч – сваім жыццём, сваёй дзейнасцю грамадскай і палітычнай. Мы забываемся, але ёсць такія законы развіцця чалавека, яны як законы прыроды, іх нельга парушаць. Чалавек можа быць залежным, незалежным, а потым, калі ён стаў незалежным, ён можа ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Так і дзяржавы – залежныя, незалежныя, а потым ідуць у хаўрус і саюз. Мы ў 90-ыя гады юрыдычна атрымалі гэтую незалежнасць, але не ўсвядомілі. І людзі, нашы беларусы, не адчуваюць сябе незалежнымі. Але ўжо сёння, не стаўшы незалежным, мы хочам уступаць у хаўрусы. То бок, будучы псіхалагічна залежнымі людзьмі, залежнымі ад расейскай імперыі, ці залежнымі ад захаднага светапогляду, не стаўшы на ногі, мы ўжо імкнемся бегчы, бегчы да саюзу. Таму я ўпэўнены, што ўсе саюзы ў будучыні. І Беларусь абавязкова будзе ў саюзе, лепш у Балта-Чарнаморскім, але ў першую чаргу трэба здабыць незалежнасць, стаць незалежнымі. А гэта магчыма толькі праз нацыянальную ідэю. І Злучаныя Штаты Амерыкі, і Нямеччына, і Англія – уся Еўропа на пачатку былі незалежнымі нацыянальнымі дзяржавамі, а потым, каб быць больш эфектыўнымі – эканамічна, палітычна, гуманітарна, яны аб’ядналіся. Так вось і я лічу, каб у будучыні мы былі ў добрых саюзах, якія будуць на карысць Беларусі і ўсяму свету, нам трэба стаць незалежнымі.
РР: Не шкадуеце, што сышлі з Байпола?
Алег Талерчык: Не шкадую, таму што ў нас розныя светапогляды, на палітычную сітуацыю і на палітычную будучыню ў Беларусі, з маімі былымі паплечнікамі. Калі мы былі тэрмінова разам і лічылі, што вось-вось, праз паўгода, праз год, гэты рэжым падзе, гэта калі ты тактычна аб’ядноўваешся з людзьмі, хоць і рознага светапогляду. Але калі гэта зацягнулася, і мы ўжо зараз разумеем, знялі «ружовыя» акуляры, што гэта хутка не адбудзецца, то трэба ісці з тымі людзьмі, з якімі ў цябе агульныя ідэалы і агульны светапогляд.
Цалкам размова:
Госцем Радыё Рацыя быў былы супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Алег Талерчык.