Кітайская маска

За хвойкаю лесу не бачна – кажа народная беларуская прымаўка. За разнастайнымі палітычнымі і грамадскімі падзеямі мінулага тыдня важна не прапусціць і звярнуць увагу на скандальнае інтэрв’ю кітайскага амбасадара ў Францыі Лу Шая. У тым інтэрв’ю дыпламат заявіў, быццам краіны былога Савецкага Саюза „не маюць сапраўднага статусу ў міжнародным праве”. Пад сумнеў па-сутнасці пастаўлены ўвесь сусветны тэрытарыяльны ўклад. Заяву кітайскага амбасадара адразу асудзілі Летува, Латвія, Украіна, і афіцыйны Пекін быў змушаны даваць тлумачэнні. МЗС Рэспублікі Беларусь канешне прамаўчала. Кітайскае вышэйшае кіраўніцтва нібыта паспешліва дыстанцыявалася і адхрысцілася ад яскравага выказвання свайго пасла, але ж сказанае слова за хвост не зловіш. Тым больш, што, па-сутнасці, нястрыманы на язык амбасадар, выклаў асновы і прынцыпы кітайскай палітыкі.
Знешне нібыта Кітаю непатрэбна парушэнне міжнароднага правапарадку і хоць бы адноснай стабільнасці. Усе прывыклі да тэзісу, што камуністычны Кітай, які называе сябе Народнай Рэспублікай, складае планы на стагоддзі і прасоўвае свае інтарэсы спакваля, няспешна вядзе экспансію, не фарсіруючы падзеі. Аднак чамусці многія не разумеюць таталітарную прыроду гэтай дзяржавы і тое, што яна ў такім выглядзе заўсёды будзе супраць дэмакратычнага развіцця іншых дзяржаваў. У Беларусі дык увогуле ахвяры дзяржаўнай прапаганды наіўна захапляюцца кітайскай мадэллю і спадзяюцца, што менавіта «Паднябесная імперыя» выцягне «Сінявокую рэспубліку» з глыбокай ямы.
На словах Кітай нібыта за базавыя прынцыпы міжнароднага права, за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржаваў. Але гэта нібыта, і толькі пакуль не даходзіць да нейкіх канфліктаў. І гутарка тут не толькі і не столькі пра вольналюбівы Тайвань, які КНР мае на мэце знішчыць фізічна. А і пра ўвесь свет. Бо ў трактоўцы як Расеі, так і яе старэйшага брата Кітая, суверэнітэт асобных дзяржаваў – рэч умоўная. Часам вышэй становяцца так званыя «гістарычныя правы» на тую ці іншую тэрыторыю. А па-сутнасці і Расея і Кітай адмаўляюць права як абмежавальнік дзяржаўнага гвалту, прычым як унутранага, так і знешняга. Маска міратворца, якую перыядычна дэманструе Кітай – гэта толькі маска і па вялікім рахунку галоўная небяспека дэмакратычнаму свету, еўрапейскай, англа-саксонскай цывілізацыі сыходзіць ад дыктатарскай КНР. Так, Кітай паспяхова значны час вёў рынкавыя эканамічныя рэформы, захоўваючы пры тым таталітарны рэжым адной, камуністычнай партыі. Але не забывайма пра тое, што падмуркам сённяшняй кітайскай дзяржавы ёсць залітая крывёй студэнтаў у 1989 годзе плошча Цяньаньмэнь. Невыпадкова той сама згаданы пасол так пазітыўна ў сваім скандальным інтэрв’ю выказаўся і пра «Вялікага кормчага» Мао Цзэдуна, аднаго з пачварнейшых дыктатараў у сусветнай гісторыі.
Свет ужо ніколі не будзе ранейшым, чалавецтва ўступіла ў эпоху глабальнага супрацьстаяння дэмакратычнай і таталітарнай мадэлі, якія ўжо ня могуць суіснаваць мірна, як было некаторы перыяд найноўшай гісторыі. Праўдападобна, што Кітай у пэўным сэнсе незадаволены той адкрытай вайной, якую развязала Расея супраць былых савецкіх рэспублік, але няма сумневу, што ў той ці іншай ступені Пекін будзе падтрымліваць крамлёўскі рэжым і забяспечваць яго існаванне. Асадзіць жа сам Кітай можна толькі разграміўшы ўшчэнт пуцінскую ўладу. Вобразна кажучы, сённяшняя Масква – гэта адно з абліччаў Кітая.
Гісторыя другой паловы дваццатага стагоддзя паказала, што ў умовах доўгага суперніцтва, пры якіх міждзяржаўны гвалт хоць бы часткова абмежаваны міжнароднымі прававымі нормамі і «чырвонымі лініямі», дыктатарскія грамадскія мадэлі прайграюць дэмакратычным. Але пасля вялікіх, і здавалася, незваротных перамогаў над таталітарызмам 1980-90-ых гадоў, Захад недальнабачна расслабіўся і чамусці падумаў, што «пераварванне» рэшткаў аўтарытарызму – справа бліжэйшага часу. Толькі добра вядома, што з ваўкоў вегетарыянцаў ніяк не выхаваць. І апошнія 20 з хвосцікам гадоў адбываецца якраз рэванш імперскіх сістэмаў.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №19, 2023 г.