За жыццё Бабарыкі, Знака, Калеснікавай асцерагаюцца родныя



За жыццё Бабарыкі, Знака, Калеснікавай асцерагаюцца іх родныя. Праваабаронцы просяць умяшацца ААН, паведамляе @dw_belarus.

Апошні раз экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка размаўляў з роднымі 6 лютага. У той самы дзень яго наведаў адвакат. З таго часу палітвязня ніхто з абаронцаў і родных не бачыў і не чуў. 25 красавіка стала вядома, што Бабарыка паступіў у бальніцу ў Наваполацку з дыягназам пнеўматоракс і слядамі збіцця. 27 красавіка яго вярнулі ў калонію. Былы турэмны лекар Васіль Завадзкі адзначае, што пнеўматоракс можа быць выкліканы пераломам рэбраў.

Юрыста Максіма Знака, які адбывае тэрмін у Віцебскай калоніі, апошні раз адвакат бачыў 2 лютага. Лісты ад Знака не прыходзяць з 9 лютага.

Марыя Калеснікава апошні раз тэлефанавала родным 16 лістапада мінулага года. Адвакат бачыў Калеснікаву 7 лютага, а з 15 лютага ад яе не прыходзяць лісты.

Некалькі месяцаў няма сувязі з блогерам Ігарам Лосікам, які, як і Бабарыка, знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі, і з палітыкам Мікалаем Статкевічам.