Баскетбалісты „Гродна-93” выйшлі наперад у паўфінале чэмпіянату Беларусі



Баскетбалісты „Гродна-93” выйшлі наперад у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. У трэцяй гульні падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна перамаглі ў Гародні магілёўскі „Барысфен” 79:71. У дзвюх гульнях у Магілёве супернікі абмяняліся перамогамі: спачатку выйгралі гаспадары – 76:70, а потым госці ўзялі рэванш – 80:61. Чацвёрты матч зноў пройдзе на пляцоўцы гарадзенскай каманды заўтра.
У другой паўфінальнай серыі дзейны чэмпіён Беларусі БК „Мінск” двойчы ўпэўнена перайграў на сваёй арэне баскетбалістаў віцебскага „Рубона” – 102:78 і 85:67. Гэтыя каманды згуляюць сёння ў Віцебску.

Сабаленка выйшла ў фінал тэніснага турніру ў Мадрыдзе

У паўфінале тэніснага турніру ў Мадрыдзе беларуска Арына Сабаленка выйграла ў Марыі Сакары з Грэцыі — 6:4, 6:1. У фінале спаборніцтва беларуска сустрэнецца або з першай ракеткай планеты прадстаўніцай Польшчы Ігай Швёнтэк, або з расейкай Веранікай Кудзерметавай, якая займае 13-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Есаулаў пакінуў „Юнацтва”

У сталічнага „Юнацтва” будзе іншы галоўны трэнер. Настаўнік, які ўзначальваў каманду на працягу сезона, яе пакідае. Гэта Яўген Есаўлаў. Пад яго кіраўніцтвам сталічны калектыў дайшоў да паўфіналу Кубка Гагарына, дзе саступіў гарадзенскаму „Нёману” 3:4. Інфармацыю прыводзіць прэс-служба „Юнацтва”.

Футбольны клуб «Напалі» стаў чэмпіёнам Італіі ўпершыню за 33 гады.

Гол Асімхена прынёс „Напалі” трэцюю ў гісторыі перамогу ў чэмпіянаце Італіі. Неапалітанцы згулялі ўнічыю з «Удзінэзэ» 1:1 і датэрмінова выйгралі Серыю А. Гэта трэці чэмпіёнскі тытул у гісторыі клуба. Два разы да гэтага «Напалі» перамагаў у чэмпіянаце Італіі, калі ў камандзе гуляў Дыега Марадона.

„Брайтан” абыграў „Манчэстэр Юнайтэд” з лікам 1:0 дзякуючы голу Макалістара на 9 даданай хвіліне матчу.  У матчы 33-га тура чэмпіянату Іспаніі „Беціс” абыграў „Атлетык” з лікам 1:0. Адзіны гол на 6-й хвіліне забіў Віліян Жазэ.

Міжнародная федэрацыя гольфа дазволіла беларусам выступаць у нейтральным статусе

Беларускія і расейскія гальфісты змогуць выступаць на міжнародных турнірах пад нейтральным сцягам. Такое рашэнне прыняло праўленне Міжнароднай федэрацыі гольфа (IGF), піша ТАСС са спасылкай на прэс-службу IGF.

У IGF тлумачаць, што яны кіраваліся рэкамендацыямі Міжнароднага Алімпійскага камітэта наконт удзелу спатоўцаў з беларускім ці расейскім пашпартам. Рашэнне наконт удзелу беларускіх і расейскіх гальфістаў у Парыжскай Алімпіядзе 2024 года таксама прымуць пасля рашэння МАК.

Беларускае Радыё Рацыя