Памятныя вёрсты паэта



Мяжуе з Польшчай, Украінай,

Расеяй, Латвіяй, Літвой.

Твой родны край, твая Айчына –

Жыццё тваё і гонар твой.

І ты яе запомні імя,

Як неба, сонца і зару.

Твая зямля, твая радзіма

Названа светла –

Бе-ла-русь.

Гэтыя радкі напісаў цудоўны беларускі паэт Юрась Свірка (1933-2010), якому 6 траўня споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння.

Родам Юрась Свірка з Докшыцкага раёна. Бацька яго, Мікалай Іванавіч, быў удзельнікам грамадзянскай вайны. Маці, Акуліна Пятроўна, ведала шмат казак, баек, любіла спяваць беларускія народныя песні. Маленства Юрася прайшло ў жахлівыя ваенныя гады. Уласнымі вачыма бачыў хлопчык за калючай агароджай лагера для ваеннапалонных галодных і змучаных вязняў. Усё гэта пакінула след, абвастрыла асабістае перажыванне.

У 1953 годзе Юрась Свірка скончыў Бягомльскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белддзяржуніверсітэта. Пасля заканчэння БДУ ў 1959 годзе працаваў у часопісе «Коммунист Белоруссии», затым у газеце «Чырвоная змена». Доўгі час будучы паэт займаў пасаду старшага рэдактара літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. А з 1975 года быў загадчыкам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва».

Юрась Свірка (сядзіць злева) сярод пісьменнікаў-сяброў.

Першы верш Юрась Свіркі «Новы крок» быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1952 годзе. А першы зборнік вершаў «Шэпчуцца ліўні» выйшаў у 1959 годзе. Юрась Свірка напісаў і выдаў таксама паэтычныя зборнікі «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар’е блакіту» (1986), «Кружка з пясчаным дном» (1990). Змест паэтычных кніг Юрася Свіркі складаюць малюнкі прыроды, жыццё і праца людзей, гераічныя і мужныя старонкі барацьбы з ворагам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пісаў паэт і для дзяцей. Яго апошні зборнік «Мурашыны стажор» выйшаў з друку ў 2004 годзе.

За зборнік “Узаемнасць” паэт у 1990 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова.

Беларускае Радыё Рацыя