Лэслі Найф распавёў пра жыццё ў эміграцыі і творчыя планы
Сённяшні госць Радыё Рацыя — лідар легендарнага гурта Gods Tower, а таксама палітычны ўцякач Уладзіслаў Наважылаў, больш вядомы пад сцэнічным псеўданімам Лэслі Найф. Гутарым з ім пра тое, што адбываецца цяпер у беларускай музыцы, пра вайну, эміграцыю і іх уплыў на творчасць. Каля мікрафона Алеся Вербаловіч.

РР: Калі вы з’ехалі х Беларусі? Як так сталася? Што з вамі цяпер, дзе вы зараз?
– Я не з’ехаў, мяне з’ехалі. Я ўцякаў з Беларусі ў жніўні 2021 года. Уцякаў я таму, што мне прызначылі прысуд тры гады „крытай хіміі”. Я разумеў, што я проста не вытрымаю гэта ўсё. У мяне і так не было здароўя пасля 2020 года. У 2020 годзе нас затрымалі з Памідоравым за дваровы канцэрт. Мы адсядзелі, адтуль я выйшаў з кавідам. У мяне былі пытанні са здароўем, таму тры гады я б не вытрымаў. Таму я падумаў, паразмаўляў, параіўся з сябрамі, з калегамі і вырашыў уцякаць. З дапамогай BYSOL я пераправіўся спачатку праз расейскую мяжу, потым сядзеў трохі ў Расеі, потым нелегальна пераправіўся праз расейска-украінскую мяжу. Знаходзіўся ў Кіеве больш за два месяцы. Потым зрабіў там усе дакументы, мне дапамаглі і я перабраўся на самалёце ў Вільню. Мне дапамагалі BYSOL, мне дапамагаў Freedom House літоўскі, нават Міністэрства замежных спраў літоўскае.
РР: Ці адчуваеце вы цяпер сябе ў бяспецы? ЦІ не турбуюць вашых сваякоў?
– Дзякуй Богу сваякоў не турбуюць. Шукаюць мяне ці не, здаецца не шукаюць. Гэта і зразумела, я хоць афіцыйна і ўнесены ў гэты ліст з экстрэмістамі. Я нават свой нумар запомніў, мой нумар 1081. Не кожны дзень цябе робяць экстрэмістам. Пры тым, што я хоць і з’яўляюся „экстрэмістам”, „варожым элементам”, я не лічу, што я такі для іх прыярытэтны чалавек. Большасць з маіх актыўнасцяў не такая яскравая напэўна і не такая палітызаваная.
РР: Ці ёсць у вас у Літве магчымасць займацца музыкай, ажыццяўляць нейкія праекты?
– На прафесійным узроўні такой магчымасці няма. Яе няма па двух прычынах. Па-першае, я наогул не ўяўляю сабе, што я магу рабіць па-за калектывам. Gods Tower – гэта такі арганізм, мы можам нешта рабіць, толькі калі мы збіраемся разам, калі мы штосьці абмяркоўваем. Нам вельмі цяжка працаваць і штосьці прыдумваць на адлегласці. Трэба мець нейкі тэхнічны бэкграўнд, студыю. Студыя – гэта справа досыць такая затратная, я пакуль не магу сабе гэтага дазволіць. Я знаходжуся ў эміграцыі, забраў дзяцей з Беларусі. Атрымліваецца, што я адзін усім гэтым займаюся. Сям’я – гэта вельмі дарагая рэч. Большасць маіх заробкаў і даходаў ідуць на сям’ю. Таму я для сябе такую прынцыповую пазіцыю заняў, я раблю непрафесійную музыку, проста каб падтрымліваць форму. У нас узімку быў тур па Літве, Латвіі, Эстоніі з Gods Tower. Я спадзяюся ў траўні ў нас будзе працяг гэтага туру, ён будзе ў Польшчы. Гэтыя планы ёсць, мы над гэтым працуем, распавядзём пра гэта трохі пазней.
Як зазначыў музыка, сэрцам і думкамі сам ён застаецца ў Беларусі, таму стараецца сачыць за „музычнымі партызанамі” ды па магчымасці дапамагаць ім, працаваць з тэкстамі і музыкай.
Беларускае Радыё Рацыя