„Ракув” упершыню ў гісторыі выйграў чэмпіянат Польшчы



Нягледзячы на паразу ад „Кароны” 1:2, колеры якой абараняе беларус Яўген Шыкаўка, у матчы 31-га тура чэмпіянату Польшчы, „Ракув” з Чэнстаховы стаў чэмпіёнам. Гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі клуба, які дэбютаваў у „экстракласе” ў сезоне 2019-2020.

Пераможца турніру вызначыўся за тры туры да канца сезону, дзякуючы паразе „Легіі” ў гульні з „Пагонню” 1:2. „Ракув” набраў 71 ачко ў 31 матчы і стаў недасягальны для пераследнікаў з варшаўскага клуба, які ідзе на другой пазіцыі. Раней каманда, якая насіла назву аднаго з раёнаў Чэнстаховы, двойчы станавілася віцэ-чэмпіёнам сваёй краіны і двойчы выйгравала Кубак Польшчы. Нягледзячы на паспяховае завяршэнне сезона, галоўны трэнер каманды Марэк Папшун пакідае сваю пасаду. Новым настаўнікам „чырвона-сініх” стане адзін з асістэнтаў Папшуна, Давід Шварга.

Руні лічыць, што „Манчэстэр Сіці” разнясе „Рэал”

Былы нападнік «Манчэстэр Юнайтэд» Уэйн Руні ўпэўнены, што „Манчэстэр Сіці” ўпэўнена абыграе „Рэал” і выйдзе ў фінал Лігі чэмпіёнаў. У аўторак „Рэал” прыме „Манчэстэр Сіці” ў першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў. Матч пачнецца а 22-й гадзіне па беларускім часе.

„Манчэстэр Сіці” не проста абгуляе „Рэал” у паўфінале Лігі чэмпіёнаў – ён разнясе іх. Канешне, я магу памыляцца. Няма каманды, якая ўмее абвяргаць аргументы лепш, чым „Рэал” Карла Анчалоці ў Лізе чэмпіёнаў. Але  проста думаю, што „Ман Сіці” настолькі добры, што знаходзіцца на іншым узроўні”, – заявіў Руні. З яго слоў нападнік «гараджанаў» Эрлінг Холанд ссоўвае баланс паміж гэтымі камандамі. У асобе Холанда „Ман Сіці” атрымаў гульца, якога практычна немагчыма спыніць у контратаках”, – падагульніў Руні.

Сабаленка скараціла адставанне ад Свёнтэк у рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Пасля перамогі ў фінале турніру ў Мадрыдзе над першай ракеткай свету полькай Ігай Свёнтэк Арына Сабаленка скараціла сваё адставанне ад лідара рэйтынгу. Цяпер у актыве лепшай беларускай тэнісісткі 7881 ачко. У Свёнтэк – 9625 ачкоў.

Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) узначальвае серб Новак Джокавіч, усяго на 5 балаў адстае іспанец Карлас Алькарас, які стаў пераможцам турніру ў Мадрыдзе. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка займае 73-е месца.

Гатавец падоўжыў кантракт з маскоўскім „Дынама”

Беларускі абаронца Кірыл Гатавец працягнуў кантракт з маскоўскім „Дынама” да 30 красавіка 2025 года. Кірыл Гатавец пачаў кар’еру хакеіста ў Беларусі і стаў чэмпіёнам вышэйшай лігі ў складзе ХК „Юнацтва-Мінск”. Затым перабраўся ў Паўночную Амерыку. Абаронца прайшоў шлях ад студэнцкай лігі да АХЛ, аднак да НХЛ так і не дабраўся, хоць і быў задрафтаваны ў 2009 годзе „Тампай-Бэй Лайтнінг”.

У КХЛ Кірыл Гатавец дэбютаваў за мінскае „Дынама”, пазней перайшоў у „Авангард”, з якім стаў уладальнікам Кубка Гагарына-2021. У траўні 2022 года падпісаў кантракт з маскоўскім „Дынама”. У гэтым сезоне правёў 59 матчаў, у якіх набраў 9 (5+4) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+12”.

Усяго ў КХЛ на рахунку абаронцы 248 гульняў і 31 (6+25) выніковы бал. Новы кантракт з Кірылам Гатаўцом носіць аднабаковы характар, перадае афіцыйны сайт „Дынама”.

Валейбалісты „Будаўніка” занялі 16-е месца ў расійскай Суперлізе

Валейбалісты сталічнага „Будаўніка” завяршылі выступы ў чэмпіянаце Расіі. Па выніках рэгулярнага чэмпіянату беларуская каманда трапіла ў міні-турнір за 13-16 месцы, дзе супернікамі мінчан сталі арэнбургскі „Нафтавік”, ніжнявартаўскі клуб „Югра-Саматлор”, а таксама „Нова” з Навакуйбышэўска. Гульцы „Будаўніка” згулялі па два разы з кожным з супернікаў і ва ўсіх матчах пацярпелі паразы, здолеўшы ўзяць толькі адну партыю за шэсць сустрэч. Такім чынам, беларускі клуб заняў апошняе, 16-е, месца ў расійскай Суперлізе, за ўвесь сезон мінчане здабылі ўсяго дзве перамогі.

Беларускае Радыё Рацыя