Зборная Беларусі трэці раз саступіла камандзе Расеі-25, прапусціўшы пяць шайб
Зборная Беларусі саступіла камандзе Расеі 25 у таварыскім матчы ў Краснаярску – 1:5.
Лік у серыі травеньскага турнэ стаў 3:1 на карысць расейцаў. Наступная гульня пройдзе 12 траўня ў Туле.
Сяргей Касціцын працягне кар’еру ў жлобінскім „Металургу”
Нападнік з багатым НХЛаўскім вопытам Сяргей Касціцын працягне выступаць за жлобінскі „Металург”, з якім праз два дзесяцігоддзі ў другі раз стаў чэмпіёнам Беларусі, — паведамляе тэлеграм-канал „Хакейная Варка”. У мінулым рэгулярным сезоне 36-гадовы нападаючы набраў 27 (8+19) ачкоў у 42 гульнях, а таксама дадаў 6 (1+5) балаў у 17 паядынках плэй-оф.
Кірэеў падпісаў кантракт з бельгійскім „Льерсам” (Д2)
Васемнаццацігадовы беларускі паўабаронца Максім Кірэеў падпісаў кантракт з бельгійскім „Льерсам” (Д2), паведамляе афіцыйны сайт клуба. Кірэеў — выхаванец „Андэрлехта”. Правёў чатыры матчы за юнацкую (U-19) зборную Беларусі. Са студзеня ён трэніраваўся з другой камандай „Льерса” і пакінуў станоўчыя ўражанні. Цяпер падпісаў кантракт тэрмінам на два гады. Кірэеў мае бельгійскае і беларускае грамадзянства. У 2019 годзе правёў адзін матч за Бельгію (U-15).
Канцавы, Грэчыха і Нячаеў трапілі ў сферу інтарэсаў расейскіх клубаў
Гульцы БАТЭ Арцём Канцавы і Дзяніс Грэчыха, а таксама абаронца Даніла Нячаеў трапілі ў сферу інтарэсаў расейскіх клубаў. Пра гэта распавёў агент Віталь Ледзянеў.
„Канцавы і Грэчыха з БАТЭ, таксама Нячаеў, — магу сказаць, што па кожным ёсць цікавасць з Расеі. Не скажу, што цікавасць зараз прадметная, але гаварыць пра нешта канкрэтнае можна будзе пасля таго, як БАТЭ паўдзельнічае ў еўрапейскіх спаборніцтвах. Толькі пасля гэтага клуб будзе гатовы размаўляць пра трансферы”, — цытуе Ледзянёва Bet News са спасылкай на „РБ”.
„Рэал” прыме „Манчэстэр Сіці” ў першым паўфінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты мадрыдскага „Рэала” прымуць англійскі „Манчэстэр Сіці” ў першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў. Сённяшнюю сустрэчу на полі арэны „Санцьяга Бернабеу” ў іспанскай сталіцы будзе судзіць партугальская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Артур Дыяш. Абодва ўдзельнікі гульні ў мінулую суботу дабіліся перамог. „Рэал” стаў уладальнікам Кубка Іспаніі, абгуляўшы ў вырашальным паядынку „Асасуну” з лікам 2:1, а „Манчэстэр Сіці” з такім жа вынікам выйграў у „Лідса” ў дамашнім матчы 35-га тура чэмпіянату Англіі і захаваў лідарства ў турнірнай табліцы Прэм’ер-лігі. Заўтра ў другім паўфінале ЛЧ адбудзецца міланскае дэрбі – на газоне стадыёна „Джузепе Меацца” футбалісты „Мілана” сустрэнуцца з „Інтэрам”. Паядынкі ў адказ за выхад у фінал галоўнага кантынентальнага турніру пройдуць 16 і 17 мая. Вырашальны матч чэмпіёнскай Лігі адбудзецца 10 чэрвеня ў Стамбуле.
Беларускае Радыё Рацыя