Беларусь наблізілася да «пасля Лукашэнкі»
На парадзе ў Маскве 9 траўня свет пабачыў нямоглага Лукашэнку. Паколькі ўсё жыццё краіны закручанае на яго асабіста, праз відавочныя моцныя праблемы са здароўем ён не зможа як раней кантраляваць усё: ад чысціні кароўнікаў і сартавання бульбы да міжнароднай палітыкі.

Эфектыўныя механізмы працуюць самі па сабе. Ёсць паўжарт-паўпраўда пра дэмакратычныя краіны, дзе людзі часта не ведаюць хто стаіць на чале дзяржавы. Бо ўсё ідзе добра.
А дыктатуры кіруюцца ў ручным рэжыме. Варта Лукашэнку знікнуць кудысьці на адпачынак, і ў краіне дыхаецца троху больш свабодна. Вяртаецца, і па ўсіх інфармацыйных трубах пачынае цекчы рэчыва ўсіх відаў застрашэння.
У Беларусі прывязка ўлады да адной персоны выяўленая як нідзе ў Еўропе. Нават у Расеі ёсць свае кланы, якія змагаюцца за ўплыў на «цела», то бок на цара Крамля. Чаго варты трохкутнік Прыгожын – Кадыраў – Пуцін. Бульдогі з-пад дывана вынеслі сваю грызню на вочы публікі.
У Беларусі вакол Лукашэнкі наўрад ці бульдогі, хутчэй гіены, якія чакаюць калі ад улады пачне тхнуць смуродам разлажэння. Тады і зашаволяцца.
Варыянт нумар адзін, самы фатальны. Крэмль дапамагае Лукашэнку вызваліць месца і пры ўладзе, і наогул у гэтай рэчаіснасці, і садзіць на пасад у Менску сваю марыянетку. Так разважаюць некаторыя ўкраінскія аналітыкі, асцерагаючыся, што ў такім выпадку беларускае войска нападзе на Украіну.
Такі радыкальны падыход хутчэй за ўсё абгрунтаваны верай у маналітнасць адданых рэжыму «сілавікоў». Вера, а не веды. Такіх фанатыкаў як у Расеі ў Беларусі вельмі мала. Ябацькі ў пагонах хутчэй прагматыкі.
Адсюль вынікае іншы варыянт. Калі ўлада Лукашэнкі пачне смярдзець сваім фіналам, хтосьці непрыкметны, але пры пагонах, можа пачаць перамовы з Захадам. Бо прыход расейцаў нікому нічога добрага не абяцае. Расейцы сваіх не шкадуюць, што там ужо нейкія «бульбашы».
Прыкметай рэальнага аслаблення кантролю сітуацыі з боку Лукашэнкі могуць стацца нават не вызваленне тых, ці іншых знакавых палітвязняў.
Хутчэй крымінальныя справы супраць злачынцаў 2020 года. Следства ў дачыненні Караева ці Карпянкова, ці кагосьці з іх намеснікаў, ці нават міліцыянта меншага звання і пасады можа стаць сігналам да таго, што карная сістэма пачала трэскацца знутры.
Сочым за падзеямі, яны прыспешваюць сваю хаду проста на вачах.
Цалкам гук:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя