Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі
Святлана Ціханоўская звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам падтрымаць Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі.
Відэа змешчана на твітэры Святланы Ціханоўскай.
Тэкст звароту:
Дарагія сябры,
Далучайцеся да нас у святкаванні Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі і народам Беларусі 21 траўня.
Я прашу вас праявіць салідарнасць і дапамагчы нам павысіць дасведчанасць. Дасведчанасць – аб тых, хто, у адрозненне ад нас, кожны дзень прачынаецца ў халоднай змрочнай камеры. Хто, у адрозненне ад нас, можа бачыць неба не больш за гадзіну ў дзень. Хто, у адрозненне ад нас, днямі і месяцамі не чуе галасы сваіх блізкіх.
Як і мы, яны працягваюць марыць аб свабоднай Беларусі. Гэтую мару падзяляюць мільёны беларусаў, якія таксама пазбаўлены сваіх асноўных правоў.
Прайшло ўжо 1000 дзён са скрадзеных выбараў 2020 года. 1000 дзён бясстрашнай барацьбы беларусаў за свабоду і дэмакратыю. 1000 дзён тэрору і рэпрэсій.
Нажаль, тыран не збіраецца адмаўляцца ад улады. Ён развязаў хвалю гвалту супраць уласнага народа, нябачаную ў Еўропе на працягу дзесяцігоддзяў. Дзесяткі тысяч былі затрыманыя, па-зверску збітыя і падвергнутыя катаванням, зачыненыя ў турэмных камерах у самых бесчалавечных умовах. Некаторыя загінулі.
Лукашэнка змог утрымаць уладу, толькі ужываючы крайнюю жорсткасць – пры садзейнічанні Расеі. Гэта было прадвеснікам той жорсткасці, якую мы пазней убачым падчас расейскага ўварвання ва Украіну. Лукашэнка і Пуцін прадэманстравалі поўнае грэбаванне чалавечымі жыццямі, хоць сваімі, хоць чужымі – іх хвалюе толькі захаванне ўлады.
Адным з тых, хто заплаціў самы высокі кошт, быў Вітольд Ашурак, які памёр у турме 21 траўня 2021 года. Вітольд быў палітычным актывістам, які клапаціўся пра навакольнае асяроддзе і выступаў супраць шкоднай вытворчасці шклаваты.
Добрая і далікатная душа, ён хацеў зрабіць сваю краіну лепшым месцам для жыцця. Але такога кшталту амбіцыі ў Беларусі недапушчальныя. Яго затрымалі і прыгаварылі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму. Пагроза дзяржаўнай бяспецы, сказаў суддзя. Вітольд памёр у палоне ва ўзросце 50 год, але іншыя зняволеныя лічаць, што яго забілі.
Літаральна некалькі дзён таму ў турме памёр яшчэ адзін палітвязень. Мікалай Клімовіч намаляваў карыкатуру на Лукашэнку і быў за гэта прыгавораны да аднаго года калоніі.
Нам вядомыя імёны 1500 палітвязняў, але рэальная колькасць даходзіць да 5000. Каб знішчыць іх фізічна і маральна, рэжым многіх з іх складаў у ШІЗА ці кідаў у карцэры. Адвакаты, якія былі з імі адзіным кантактам, – альбо пазбаўленыя ліцэнзій, альбо таксама кінутыя ў турму.
З 9 сакавіка я нічога не чула пра свайго мужа Сяргея, асуджанага на 19 гадоў. Я не ведаю, ці жывы ён. З красавіка мы нічога не чулі ад Віктара Бабарыкі – яшчэ аднаго кандыдата ў прэзідэнты. Яго даставілі з турмы ў шпіталь са слядамі збіцця, і ні сям’я, ні адвакаты не ведаюць пра яго месцазнаходжанне.
Мы заклікаем урады і міжнародныя арганізацыі, такія як ААН ці АБСЕ, дапамагчы нам спыніць гэты кашмар. Мы павінны спыніць гэтую беспакаранасць. Мы не павінны дазволіць рэжыму забіваць сваіх супернікаў за сцяной маўчання.
Далучайцеся да Дня салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня. Вы спытаецеся, а ці можам мы нешта змяніць? Паверце, гэта мае вялікае значэнне. Ціск з боку сусветнай супольнасці нагадвае рэжыму, што іх дзеянні будуць мець наступствы. Ваша падтрымка паказвае сем’ям і сябрам рэпрэсаваных, што яны не самотныя.
Таму я прашу вас надаць крыху часу гэтаму Дню салідарнасці. Ці арганізаваць акцыю, зрабіць заяву, напісаць твіт, далучыцца да акцыі пратэсту ці напісаць ліст зняволенаму ці ягонай сям’і. Усё гэта мае значэньне. Далучайцеся да кампаніі, запушчанай Libereco, і станьце хросным бацькам для палітычнага зняволенага, якога вы можаце абраць самі.
Зробім так, каб смерці Вітольда Ашурка, Рамана Бандарэнкі, Мікалая Клімовіча і многіх іншых не былі марнымі!
Дзякуй за вашу салідарнасць!